BioNTech і Pfizer прыступаюць да выпрабаванняў вакцыны ад «амікрона»
- 25.01.2022, 19:50
Выпрабаванні будуць праводзіцца з удзелам здаровых людзей ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў.
Кампаніі BioNTech і Pfizer пачынаюць клінічныя выпрабаванні вакцыны ад каранавіруса, мадыфікаванай спецыяльна пад шырока распаўсюджаны зараз амікрон-варыянт. Як паведамілі прадпрыемствы-партнёры ў аўторак, 25 студзеня, выпрабаванні будуць праводзіцца з удзелам здаровых людзей ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў. Даследавацца будзе бяспека вакцын-кандыдатаў, а таксама іх пераноснасць і эфектыўнасць, паведамляе DW.
«Гэта даследаванне - частка нашай навуковай працы ў стварэнні вакцыны на аснове варыянтаў (каранавірусу. - Рэд.), якая забяспечвала б абарону ад «амікрона» на тым жа ўзроўні, што мы назіралі і ў адносінах да папярэдніх варыянтаў, і пры гэтым даўжэй захоўвала б сваё дзеянне», – растлумачыў сузаснавальнік кампаніі BioNTech Угур Шахін (Ugur Sahin).
Працу над новай вакцынай, прыстасаванай да абароны ад «амікрона», BioNTech і Pfizer пачалі 25 лістапада 2021 года. 11 студзеня Угур Шахір заявіў на канферэнцыі аховы здароўя, арганізаванай амерыканскім банкам J.P. Morgan, што ў яго кампаніі мяркуюць, што будуць гатовыя пачаць пастаўкі вакцыны ад амікрон-варыянту каранавіруса на рынак да сакавіка 2022 года – як толькі будуць атрыманыя дазволы органаў рэгулявання.