Лекар: Беларуская ахова здароўя можа ляснуць ад «омікрона»
- 31.01.2022, 8:03
Чым небяспечная новая хваля COVID-19 у Беларусі?
Лекар аднаго з абласных беларускіх шпіталяў, які працуе ў «чырвонай зоне», расказаў сайту Charter97.org аб рэальнай сітуацыі з «омікронам» у Беларусі. Паводле ягоных слоў эпідэмія гэтага штаму COVID-19 можа мець вельмі сур'ёзныя наступствы для беларускай медыцыны:
— «Омікрон» паказаў, што ён нашмат заразнейшы за ўсе папярэднія штамы каранавіруса. Вірус займеў вельмі ўчэпістыя шыпы, якія дазваляюць яму лёгка пранікаць у каморку чалавека. Безумоўна, варта звяртаць увагу на нейкія элементарныя сродкі аховы ды гігіены, але я б даў параду проста ўнікаць збою людзей, бо звычайныя тканыя маскі не такія дзейсныя супраць гэтага штаму.
Адзначу, што пацыенты моцна памаладзелі. Не сакрэт, што цяпер хварэюць дзеці, нават нованароджаныя. Часам вельмі цяжка хварэюць.
— У вашым шпіталі ляжаць дзеці, якія заразіліся «омікронам»?
- Так, ёсць некалькі школьнікаў малодшага веку, якіх давялося пакласці ў стацыянар. Інфікаваныя дзеці звяртаюцца рэгулярна. Школы сёння ператварыліся ў сапраўдны рассаднік інфекцыі. У гэтым і ёсць сур'ёзнае адрозненне "омікрона" ад папярэдніх штамаў. Калі раней дзеці выступалі выключна пераносчыкамі віруса, то сёння яны моцна хварэюць.
Проста страшна глядзець, калі ў васьмігадовага дзіцяці з'яўляецца старэчая дыхавіца, пачынаюцца болі ў грудзях. Часам інфекцыя б'е па кішачніку, пачынаюцца моцныя ваніты, у кагосьці з'яўляецца высыпка.
Я не вірусолаг, але абсалютна дакладна, што калі сёння даць вірусу развівацца менавіта сярод дзяцей, то наступны штам можа стаць для іх нечым з катэгорыі «уханьскага» для старэйшага пакалення, калі COVID-19 пляжыў старых. Акрамя таго, бацькі не так ахвотна вакцынуюць дзяцей, што з'яўляецца вялікай памылкай.
Калі браць дарослых і старэйшае пакаленне - ступень цяжкасці залежыць ад вакцынацыі. Тыя, хто надоечы прышчапіўся, могуць нават не заўважыць, што заразіліся «омікронам», бо пасля заражэння гэтым штамам даволі рэдка знікаюць нюх і смак. Аднак невакцынаваныя атрымліваюць поўны «букет» сімптомаў: дыхавіца, страта голасу, галаўныя болі, боль у вачах, вушах. Сімптаматыка самая разнастайная, што робіць вірус асабліва непрыемным і небяспечным.
- Лукашэнка прапанаваў "кожнаму перахварэць на "мікронам", бо ён даволі лёгка пераносіцца". Да чаго можа прывесці такая стратэгія рэакцыі на эпідэмію?
- Па-першае, гэтаму чалавеку, які называе сябе "кіраўніком дзяржавы", варта падумаць аб дзецях.
Таксама былі зроблены памылковыя высновы з заяваў СААЗ. Я чуў, што многія публічныя вірусолагі заяўлялі, што ўсе мы перахварэем на «омікрон», і не варта з гэтай нагоды бедаваць. Аднак у краінах, дзе прышчэплена больш за 70% насельніцтва, іншая сітуацыя, і яны могуць лягчэй ставіцца да яе.
Так, гэты вірус не такі смяротны, калі падчас папярэдніх хваль смяротнасць была каласальнай, то цяпер людзі выкараскваюцца. Аднак мы атрымаем вялікую колькасць цяжкіх хворых і ціск на ўсю сфэру медыцыны.
Беларусь пляцецца ў хвасце рэйтынгу краін у колькасці цалкам прышчэпленых людзей. Дзіцячая вакцынацыя - на яшчэ больш нізкім узроўні. Сёння ў Еўропе прызналі, што ад распаўсюджвання «омікрона» дапаможа бустэрная доза, трэцяя. У нас жа вялізная колькасць людзей, якія не прышчэпленыя і першай.
Думаю, што калі гэтая канцэпцыя будзе рэалізаваная, то мы атрымаем калапс сістэмы аховы здароўя, яна проста лясне. Шмат хто з тых, хто не прышчапіўся, трапіць у лякарню. Таксама павялічваецца кола пацыентаў - будуць хварэць дзеці. У сухой рэшце варта чакаць перапоўненыя медыцынскія палаты. Ніхто не касаваў адкладзены ўдар, якім стане «постковідны сіндром». Нас сур'ёзна зачэпіць гэтым "хвастом".
Шмат хто атрымае ўскладненні на ўнутраныя органы: дыхальную сістэму, ныркі, пячонку. Наша медыцына можа проста не ўправіцца з такой хваляй, бо не варта забываць, што дэфіцыт медперсаналу расце з кожным днём.
Калі браць не тэхнічны, а маральны аспект, то такія рэчы можа казаць толькі чалавек, які не быў у «чырвоных зонах» (касцюмаваныя пастаноўкі - не ў залік), не чуў, як задыхаюцца людзі, не бачыў, як плачуць сваякі памерлых, не глядзеў у вочы старых, што канаюць за некалькі дзён.
Гэта баязлівая пазіцыя, не вартая кіраўніка дзяржавы.
Вось я лекар, які працуе з хворымі ў "чырвонай зоне". Мне таксама сёння трэба заразіцца, каб пакінуць пацыентаў на волю лёсу? З гэтым "вірусолагам" усё ясна. Больш злуюць чыноўнікі з Міністэрства аховы здароўя, якія самі некалі давалі клятву Гіпакрата, насілі белыя халаты, а сёння бяруцца за самыя шалёныя ідэі свайго шэфа.
- Наколькі сёння адчуваецца кадравы голад на прыкладзе вашага шпіталю?
- Бракуе людзей на ўсіх узроўнях. Сёння дзіркі спрабуюць заткнуць інтэрнамі, дзесьці пачалі прыцягваць студэнтаў апошняга курса, што адбіваецца на кампетэнтнасці дапамогі. Дактары стаміліся, бо ўмоўнага пярэдыху з пачатку 2020 года не было. Ёсць людзі, якія працуюць без адпачынкаў ужо два гады.
Летась праз палітыку ў нашым шпіталі звольнілі найлепшых. Не падоўжылі кантракт тым лекарам, якія прысвяцілі працы ў нашай медычнай установе па некалькі дзясяткаў гадоў.
Гэта проста ідыёцкая палітыка, бо суседнія краіны пачалі сапраўднае паляванне на медыкаў. У Польшчы значна палегчылі прыйманне на працу беларускіх лекараў, без праблем іх бяруць на працу ва Украіне. Добрыя грошы прапануюць за мяжой і медыцынскаму персаналу ніжэйшага звяна. Кадры вымываюцца, а нейкай сур'ёзнай замены не відаць. Так, ёсць тыя, хто далей працуе на «голым энтузіязме», але, як той казаў, есці таксама хочацца.
Яшчэ б звярнуў увагу на праблему, пра якую не паводзіцца гаварыць - вырасла колькасць смерцяў ад анкалагічных захворванняў. Сістэма аховы здароўя знаходзіцца ў стрэсавым стане ўжо больш за два гады. Лекары занятыя выратаваннем жыцця ў "чырвоных зонах". Анкалагічныя аддзяленні часам перадаюць пад ковідныя палаты, дый людзі не так ахвотна ідуць у шпіталі, якія сталі нагадваць "чумныя баракі". Усё гэта прыводзіць да таго, што мы перасталі дыягнаставаць рак на ранніх стадыях. Дайшло да таго, што некаторых пацыентаў з дыягностыкі проста адпраўляюць паміраць, бо нічога зрабіць ужо нельга.
- Як сёння абараніць сябе і сваіх блізкіх у такіх варунках?
- Найперш - вакцынацыя. Прышчапіцеся самі ды прышчапіце сваіх дзяцей. Са свайго досведу магу сказаць, што Спутнік V няблага сябе зарэкамендаваў. Так, я сам прадузята стаўлюся да ўсяго расейскага, але тут трэба прызнаць, што гэтая вакцына нічым не горшая за заходнія.
Таксама давайце глядзець на досвед перадавых краін - патрэбная рэвакцынацыя. Калі вы ўжо прышчапіліся дзвюма дозамі - рабіце бустэр. «Омікрон» можна перанесці на нагах, калі вы прышчэплены трэцяй дозай.
Як бы банальна ні гучала - патрэбны лакдаўн. Бо заразнасць новага штаму ў разы вышэйшая. Маскі ўжо не так добра дапамагаюць, сацыяльная дыстанцыя - таксама. Трэба менавіта спыніць увесь час знаходзіцца ў натоўпах людзей. Пры магчымасці - працаваць аддалена, ёсць магчымасць - не пускайце дзяцей у школу, бо яны сёння таксама знаходзяцца ў зоне рызыкі.
Калі вы баіцеся ўвесці ў краіне лакдаўн - ёсць еўрапейская практыка з пашпартамі вакцынацыі. Захацеў у кінатэатр, гандлёвы цэнтар або рэстарацыю - пакажы пасведчанне аб вакцынацыі.
- Ці можа сёння праблемы з аховай здароўя ў краіне стаць пратэставым чыннікам?
- Трохі перафразую: новым пратэставым чыннікам могуць стаць праблемы з галавой аднаго пацыента. Відавочна, што праблемы з аховай здароўя падліваюць газы ў агульнае вогнішча народнай незадаволенасці.
Ш мат хто страціў родных і блізкіх, хтосьці сам цяжка хварэе або атрымаў сур'ёзныя ўскладненні ад COVID-19, а тым часам у тэлевізары нам прапануюць усім заразіцца вірусам. У 2020 годзе ковіднае шаленства таксама стала адной з прычын, чаму людзі выйшлі на вуліцы. Здаровы чалавек, прынамсі, улічыў бы гэты чыннік і перастаў прапаноўваць гэткія эксперыменты. Пагатоў калі сёння размова ідзе аб здароўі дзяцей. Сваім унукам, думаю, ён не зычыць таго, што сёння зазнаюць маленькія беларусы, якія трапілі з "омікронам" у шпіталі.