У Чэхіі стартавала кампанія за вызваленне Паліны Шарэнда-Панасюк
- 27.10.2022, 12:37
Актывістку «Еўрапейскай Беларусі» трымаюць у нечалавечых умовах.
У Чэхіі пачалася кампанія ў падтрымку актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліны Шарэнда-Панасюк. Палітычная зняволеную, якую рэжым Лукашэнка асудзіў на два гады, знаходзіцца ў калоніі ў Зарэччы, вядомай сваімі нечалавечымі ўмовамі ўтрымання. Цяпер Паліна пасля 40 дзён карцэра пераведзеная ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), дзе правядзе шэсць месяцаў.
Ініцыятарам кампаніі ў падтрымку палітвязні, як паведамляе прэс-служба грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», стаў вядомы чэшскі драматург, матэматык Рэнэ Лявінскі.
Да яго далучыліся старшыня Асацыяцыі незалежных тэатраў, дырэктарка «Тэатра X10» Ленка Гаўлікава, былы вязень сумлення, журналіст, які падпісаў «Хартыю-77» Пётр Паспіхал («Хартыя-77» - праграмны дакумент, які аб'яднаў дысідэнтаў у Чэхаславакіі - рэд.), пісьменнік і перакладчык Тэрэза Сематамава, паэтка, дырэктарка «Славацкага фонду Хартыі-77» Зузана Сатмары, медыяаналітык Ёзэф Шлерка, перакладчыца Крысціна Шыянок.
Кампанія стала рэакцыяй на заклік "Еўрапейскай Беларусі" да міжнароднай супольнасці аказаць ціск на дыктатарскі рэжым Лукашэнкі для вызвалення Паліны і ўсіх астатніх палітвязняў.
Арганізатары кампаніі патрабуюць неадкладнага вызвалення з турмы Паліны Шарэнды-Панасюк і звяртаюць увагу беларускіх уладаў, сярод іншага - начальніка калоніі ў Зарэччы Дзмітрыя Курловіча, на ягоную асабістую адказнасць за захаванне законнасці ў тым, што тычыцца ўмоваў утрымання зняволеных.
Кампанія за вызваленне Паліны заклікае пісаць ёй лісты падтрымкі на адрас:
ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Беларусь.
Таксама па гэтым адрасе заклікаюць накіроўваць лісты да начальніка турмы Дзмітрыя Мікалаевіча Курловіча, які нясе адказнасць за ўмовы ўтрымання зняволеных і павінен ведаць, што сусветная грамадскасць сочыць за лёсам палітвязняў.
Прапануюцца і іншыя формы дзеянняў і выказвання салідарнасці з Палінай. У межах кампаніі створаны спецыяльны сайт, на якім можна знайсці ўсю інфармацыю.