Прафесар: Каранавірус будзе жорсткім
- 22.11.2022, 18:24
Беларусаў чакае трыдэмія – мікст адразу некалькіх штамаў.
Пра гэта папярэджвае загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў БДМУ, чалец-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, галоўны пазаштатны спецыяліст у інфекцыйных захворваннях Міністэрства аховы здароўя Ігар Карпаў, піша «Народная воля».
«Пандэмія COVID – 19 яшчэ не скончылася, – кажа аўтарытэтны беларускі лекар. – Мы, напэўна, ужо не ў эпіцэнтры, але і канца яшчэ не відаць.
На мінулым тыдні колькасць выпадкаў COVID-19 вырасла ў некаторых рэгіёнах свету. Гэта выкліканае спалучэннем чыннікаў: цыркуляцыяй варыянту «амікрон» і ягонага падварыянту BA.5, а таксама паўсюдным зніжэннем захадаў абароны і накіраваных намаганняў грамадскай аховы здароўя.
Звяртае на сябе ўвагу новы падварыянт COVID-19 – XBB (Gryphon), хваля якога пачалася ў Сінгапуры, а таксама яшчэ адзін – BQ.1.1 (Cerberus), больш распаўсюджаны ў Еўропе і ЗША. Яны не характарызуюцца павелічэннем смяротнасці і вірулентнасці, але пры гэтым больш кантагіёзныя.
Таксама ў свеце з'явіўся новы тэрмін – трыдэмія. Трайны мікст (COVID-19, грып і рэспіраторна-сінцыяльны вірус) – тое, з чым ужо сутыкнуліся ў ЗША. Гэта стварае дадатковую нагрузку не толькі на амбулаторную, але і на шпітальную сетку, асабліва пры лімітаванай колькасці стацыянарных ложкаў.
Адбыўся нечакана ранні пачатак сезоннага ўздыму грыпу ў ЗША. Звычайна гэты вірус прыходзіць у краіну ў пачатку снежня. Ускосна ўсё гэта сведчыць, што і ў нас можа быць змена дамінантнага рэспіраторнага вірусу. Гэта значыць, мы таксама не ўнікнем сур'ёзнага ўздыму захворвання на грып.
Адзначаецца таксама істотнае павелічэнне колькасці выпадкаў рэспіраторна-сінцыяльнага вірусу, асабліва ў пажылых людзей і ў дзяцей да 2 гадоў. З гэтых пазіцый цікавымі ўяўляюцца апісанні гібрыдных вірусных часціцаў (грып і РСВ), якія з'явіліся ў навуковай літаратуры і хутчэй пранікаюць у лёгачную тканку.
У групе рызыкі тыя пацыенты, што і раней: пажылыя людзі з сур'ёзнымі фонавымі захворваннямі, імунадэпрэсіяй. Цяпер практычна ўсе цяжкія формы захворвання і ўся смяротнасць звязаныя або з цяжкай саматыкай пацыентаў, або з узроставай імунадэпрэсіяй.
Яшчэ раз хочацца паўтарыць тое, пра што гаворыцца больш за два гады: неабходна адказнае, беражлівае і ўважлівае стаўленне да пажылых!
Варта звярнуць увагу на два лекавыя сродкі, якія ёсць у нашым арсенале і валодаюць даказанай эфектыўнасцю. Першы з іх – нірматрэлвір + рытанавір (у нашай аптэчнай сетцы прадаецца пад назвай скайвіру). Прымаецца ўнутр. Гэты прэпарат значна змяншае верагоднасць цяжкіх ускладненняў і прызначаны ў першую чаргу для пацыентаў з фонавымі захворваннямі і пажылых людзей у пачатку хваробы.
Пацыентам з групаў рызыкі, якія хварэюць на COVID-19, мэтазгодна забяспечыць ранняе ўвядзенне рэмдэсівіру, які таксама валодае даказаным эфектам. Паводле сведчанняў, прызначаецца нутрывенна. Такая магчымасць ёсць ва ўсіх установах, і ёй трэба карыстацца. Для пажылых людзей гэта добры шанец на стабілізацыю стану».
Паводле словаў Карпава, як ніколі актуальная вакцынацыя супраць грыпу. Трэба быць гатовымі да істотнай ролі грыпознай інфекцыі ў гэтым сезоне, верагодна, больш раннім, чым звычайна.