BE RU EN

FT: Пратэсты ў Кітаі кідаюць выклік уладзе Сі Цзіньпіна

  • 28.11.2022, 19:08

Сі Цзіньпін сутыкнуўся з самым вялікім выклікам за ўвесь час на пасадзе лідара Кітая.

Сі Цзіньпін сутыкнуўся з самым вялікім выклікам за ўвесь час на пасадзе лідара Кітая праз тое, што дзясяткі тысячаў чалавек выйшлі на вуліцы. Яны незадаволеныя жорсткім кантролем Пекіна, уведзеным пасля пачатку пандэміі каранавірусу, а таксама прыгнечаннем свабоды слова.

У выходныя сама меней у 10 гарадах, уключаючы Шанхай, Пекін, Ухань і Чэнду, успыхнулі рэдкія палітычныя пратэсты. Пачаліся сутыкненні з паліцыяй і афіцэрамі службаў бяспекі, што прывяло да арыштаў. Пра гэта піша Financial Times, дадаючы, што дваіх замежных журналістаў таксама затрымалі. Выданне нагадвае, што ўсплёск грамадзянскага непадпарадкавання адбыўся праз гібель людзей падчас пажару ў горадзе Урумчы. І ў гэтым хоць бы часткова абвінавацілі абмежаванні, уведзеныя праз каранавірус. У панядзелак пратэсты сціхлі, але яны з'явіліся пасля многіх месяцаў незадаволенасці асабліва з боку кітайскай моладзі няспыннымі лакдаўнамі, каранцінамі, масавым тэставаннем і лічбавым сачэннем праз палітыку Сі Цзіньпіна "нулявой цярпімасці" да COVID-19.

Рынкі ў Кітаі сёння крыху аселі. На біржы ў Ганконгу індэкс Hang Seng China Enterprises упаў на 4,5%. А кітайскі юань крыху патаннеў у адносінах да даляра ЗША. Ва Ухані, дзе быў зафіксаваны першы выпадак заражэння каранавірусам, тысячы людзей прайшлі праз папулярны гандлёвы раён. Гэта быў адзін з самых вялікіх пратэстаў за мінулыя выходныя. Адзін з удзельнікаў сказаў Financial Times, што ў пратэсце ўдзельнічалі дзясяткі тысячаў людзей. Яны "вызвалялі" зачыненыя на каранцін раёны, прыбіраючы загароды вакол жылых дамоў. Урад Кітая заклікаў універсітэты па ўсёй краіне адправіць студэнтаў дадому як мага хутчэй, каб здушыць незадаволенасць у студгарадках.

У Пекіне ў нядзелю сотні студэнтаў выйшлі на мірны пратэст ля прэстыжных Пекінскага ўніверсітэта і Універсітэта Цінхуа. Тут, як і дэманстранты ў іншых гарадах, яны трымалі чыстыя аркушы паперы, выказваючы незадаволенасць узмацненнем цэнзуры ў часы кіравання Сі Цзіньпіна. У сталіцы ўдзельнікі пратэстаў таксама збіраліся ля цэнтральнага канала, скандуючы: "Мы не хочам ПЛР-тэсты, мы хочам свабоды". У панядзелак раніцай дзясяткі паліцэйскіх машынаў і фургонаў з'явіліся на ўваходзе ў канал.

Financial Times піша, што шэраг акцый, прысвечаных памяці загінулых падчас пажару ва Урумчы, перарос у выказванне незадаволенасці палітыкай Сі Цзіньпіна. Аналітыкі гавораць, што такіх маштабных і вострых палітычных патрабаванняў у Кітаі не бачылі ўжо многія дзесяцігоддзі. На думку экспертаў, дэманстранты могуць сутыкнуцца з жорсткім пераследам, калі незадаволенасць зноў успыхне.

Сі Цзіньпін стаў самым магутным лідарам Кітая з часоў Маа Цзэдуна. Нядаўна ён ужо трэці раз стаў кіраўніком Кампартыі. Вызначальнымі рысамі ягонага кіравання стала пашырэнне і без таго магутнага апарату бяспекі, а таксама хуткі ўціск прыкметаў незадаволенасці.

"Жорсткі і рэпрэсіўны падыход чакаем. Але Пекін рызыкуе таксама стварыць пакутнікаў, што раздзімае чарговую хвалю і дадасць вагі ўжо тым дэманстрантам, якія выйшлі. Улада разумее і ведае пра пагрозы. Але яна таксама не можа дазволіць, каб гэта адбывалася", – сказаў эксперт у Кітаі Джон Дэлеры з Універсітэта Енсэ ў Сеуле.

Юэнь Юэнь Анг з Універсітэта Мічыгана сказала, што ў Кітаі заўсёды былі спарадычныя пратэсты. Але Пекін баіцца "агульнанацыянальных" рухаў.

"Гэтыя пратэсты не пра вузкія, лакальныя праблемы. Людзі пратэстуюць супраць палітыкі нулявой цярпімасці да COVID-19 – нацыянальнай палітыкі і асабістага парадку дня Сі Цзіньпіна, на няўхільным захаванні якой ён настойваў нядаўна ў кастрычніку. Гэта выклік цэнтральным уладам на самым высокім узроўні", – сказала яна.

Апошнія навіны