Марыю Калеснікаву прааперавалі пасля дастаўкі ў рэанімацыю
- 30.11.2022, 8:25
З'явілася новая інфармацыя аб стане здароўя палітвязня.
Палітзняволеная Марыя Калеснікава шпіталізаваная ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы Гомеля. Пра гэта паведаміў 29 лістапада тэлеграм-канал штаба Віктара Бабарыкі са спасылкай на адваката палітычнай зняволенай. У адміністрацыі калоніі пра шпіталізацыю Марыі нічога не сказалі.
Прычына шпіталізацыі невядомая. Са звестак штаба, брыгада хуткай даставіла Марыю ў лякарню 28 лістапада. Яе шпіталізавалі ў першае хірургічнае аддзяленне і перавялі ў рэанімацыю.
Крыніца «Зеркало» паведаміла, што Марыю Калеснікаву даставілі ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Паводле папярэдняй інфармацыі, у яе праблемы са страўнікам. Афіцыйна гэтую інфармацыю пацвердзіць пакуль не ўдалося.
Абаронцу Калеснікавай Уладзіміру Пыльчанку ў БХМД пацвердзілі, што яго падабаронная знаходзіцца ў іх.
«Машу прывезлі ў шпіталь з хірургічнай паталогіяй і прааперавалі 28 лістапада. Цяпер яна ў стабільна цяжкім стане з паляпшэннем. Заўтра павінны перавесці ў хірургічнае аддзяленне», - напісаў штаб.
«Адваката Марыі 29 лістапада ў трэці раз запар не дапусцілі да яе ў калоніі. Чаму? Растлумачылі гэта тым, што няма заявы ад яе», - паведаміў штаб.
Раней стала вядома аб тым, што Марыю змясцілі ў штрафны ізалятар. Аднак не было інфармацыі аб тым, з якой даты яна там знаходзіцца.
Як паведамілі блізкія палітычнай зняволенай, Марыя «знаходзіцца ў тых жа ўмовах, што і ў калоніі», хоць і была дастаўлена ў цывільную лякарню. Гэта тычыцца і забароны на наведванне.
Уладзімір Пыльчанка ў скаргах на адмову ў допуску да Марыі ў пракуратуру і УДВП пазначыў свае асцярогі за стан ейнага здароўя. Ніякай рэакцыі на скаргі і звароты ад праваахоўных органаў не было.
Нагадаем, суд прызначыў Марыі Калеснікавай 11 гадоў агульнага рэжыму. З СІЗА яе накіравалі ў ПК-4 Гомеля. Яе прызналі «вінаватай» паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.