СБУ правяла ператрус у кіраўніка прарасейскай партыі «Нашы» Мураева
- 30.11.2022, 19:01
Ён хаваецца ад правасуддзя за мяжой.
Супрацоўнікі СБУ правялі серыю ператрусаў у кіраўніка забароненай прарасейскай партыі «Нашы» Яўгена Мураева. СБУ канфіскавала гатоўку, у тым ліку рублямі, зброю, камп'ютарную тэхніку і мабільныя тэлефоны.
Пра гэта паведамляе Telegram установы.
«Мерапрыемствы праходзілі па месцах жыхарства і ў офісах самога Мураева і ягонай радні, а таксама ў ягоных найбліжэйшых паплечнікаў», – гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначаюць у СБУ, ператрусы былі праведзеныя ў межах крымінальнай вытворчасці паводле ч.1 арт. 111 Крымінальнага кодэкса Украіны (дзяржаўная здрада).
У спецслужбе нагадалі, што Мураеў хаваецца ад правасуддзя за мяжой. Нягледзячы на гэта, супрацоўнікі СБУ ініцыявалі правядзенне незалежных экспертызаў выказванняў палітыка. Іх высновы сведчаць пра наяўнасць у гэтых дзеяннях прыкметаў злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 111 КК Украіны (дзяржаўная здрада). А менавіта – у кантэксце прычынення шкоды інфармацыйнай бяспекі Украіны.
Таксама, паводле матэрыялаў следчых СБУ, у эфірах падкантрольнага Мураеву тэлеканала «НАШ» неаднаразова распаўсюджваліся наратывы расейскай інфармацыйнай прапаганды. Праз гэта, а таксама праз распальванне міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасці на тэлеканал былі накладзеныя штрафныя санкцыі.