BE RU EN

Менскі школьнік прыдумаў незвычайную схему для атрымання гатоўкі з бонусных карт

  • 3.12.2022, 15:59

Гандлёвая сетка ўжо прыкрыла шчыліну.

У міліцыю звярнуліся прадстаўнікі службы бяспекі сеткі крамаў - зафіксавалі падазроны рух бонусаў на картках пакупнікоў. «Як высветлілася, за ўсёй схемай стаяў 16-гадовы мянчук, - паведамілі ў МУС. - Ён перакідваў на сваю карту чужыя бонусы, а потым нават пачаў іх прадаваць праз бот».

«Школьнік зарэгістраваў на сайце крамы асабісты кабінет і прывязаў да яго сваю бонусную карту, - распавялі ў міліцыі. - Вырашыў павялічыць зніжку. З дапамогай ручнога падбору дадаў да старонкі некалькі чужых карт (уладальнікі карысталіся імі, не ствараючы уліковых запісаў), усе балы лаяльнасці з іх перакінуў на ўласны рахунак. Каб не прыцягнуць лішняй увагі, стварыў некалькі асабістых кабінетаў. Знайшоў пару чалавек, якія за ўзнагароду пагадзіліся зарэгістраваць профілі на свае нумары і перадаць яму паролі».

«Пазней падлетак купіў у сетцы праграму для аўтаматычнага падбору нумароў картак. Скрыпт дазволіў «перапісаць» на старонку падлетка больш за 1500 чужых карт лаяльнасці, - апісалі развіццё падзей прадстаўнікі ГУУС Менгарвыканкама. - Аднойчы ён прынёс на касу крамы ўпакоўку падгузнікаў за 320 рублёў і папрасіў у прадаўца аплаціць частку тавару бонусамі. Пакуль работніца праводзіла аперацыю, хлопец паспеў праз асабісты кабінет перакінуць балы лаяльнасці з адной карты на іншую. Назапашванні выявіліся не зрасходаванымі, тавар дастаўся яму дарма. Затым ён прадаў падгузнікі, двойчы апынуўшыся ў плюсе».

Сцвярджаецца, што хлопец нават стварыў бот для продажу бонусаў праз інтэрнэт. Тут яго і раскрылі, а шчыліны ў сістэмах бяспекі некалькіх гандлёвых сетак закрылі: ім разаслалі папярэджанні і інструкцыі па ліквідацыі недахопаў. Цяпер пракруціць падобнае ўжо немагчыма, сцвярджаюць міліцыянеры.

Хлопец поўнасцю прызнаў віну і кампенсаваў шкоду. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу за крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі.

Апошнія навіны