BE RU EN

Украінскія навукоўцы распрацавалі тэсты на адначасовае выяўленне COVID-19, грыпу, адру і іншых вірусаў

  • 10.02.2022, 19:28

Новыя тэст-сістэмы не толькі выяўляюць вірусы, але і прагназуюць плынь захворвання.

У Інстытуце малекулярнай біялогіі і генетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны заявілі аб распрацоўцы ўласных тэст-сістэм на адначасовае выяўленне SARS-CoV-2, грыпу і іншых рэспіраторных вірусаў. Пра гэта 9 лютага паведаміла ў Facebook прэс-служба інстытута.

Распрацоўнікі стварылі пяць розных камбінаваных тэст-сістэм для адначасовага выяўлення SARS-CoV-2, эпідэмічнага грыпу А і Б, парагрыпу 1-3, рэспіраторна-сінцыцыяльных вірусаў А і В, ортапнеўмавірусаў, рынавірусаў і адру.

«Гэтыя тэст-сістэмы дазваляюць не толькі выявіць згаданыя вірусы ў арганізме, але і прагназаваць плынь хваробы ў пацыента, імі інфінкаваных. Між іншым, плынь каранавіруснай хваробы», – гаворыцца ў паведамленні.

Навукоўцы прааналізавалі ўзровень адноснай экспрэсіі больш за 20 генаў прыроджанага імунітэту і сістэмы згусання крыві ў здаровых донараў і хворых на COVID-19 і прапанавалі наборы біямаркераў для распрацоўкі камбінаванай экспрэсійнай тэст-сістэмы.

«Гэтыя біямаркеры дазваляюць з высокімі паказчыкамі адчувальнасці, спецыфічнасці і дакладнасці дыягнаставаць гіперзапаленне, гіперкаагуляцыю і лімфапенію ў перыферычных клетках крыві пацыентаў з COVID-19», – паведамляе прэс-служба.

Адзначаецца, што атрыманыя вынікі дазволяць распрацоўваць камбінаваныя тэст-сістэмы для вызначэння небяспечных патагенаў чалавека і жывёл: як для тых, што патрабуюць дарагіх прыбораў (ПЦР у рэальным часе), так і для прымянення якіх дастаткова звычайных тэрмацыклераў, якія можна выкарыстоўваць у любой бальніцы. Гэты падыход дазваляе захаваць высокую адчувальнасць, якую даюць ПЦР-рэакцыі, і зрабіць таннейшым правядзенне дыягностыкі.

Апошнія навіны