BE RU EN

У Курапатах вандалы размалявалі таблічкі з імёнамі расстраляных паэтаў

  • 12.02.2022, 19:08

Чарговы акт вандалізму ва ўрочышчы.

У Курапатах невядомыя размалявалі шыльды з імёнамі расстраляных у 1937—1940 гадах, паведамляе zerkalo.io. Напрыклад, на фатаграфіях відаць, што на помніку палітыку і пісьменніку Вацлаву Ластоўскаму напісана слова «Упырь», а на шыльдзе з імёнамі іншых рэпрэсаваных – «Тут іх няма».

Пра размаляваныя шыльды ў Курапатах паведаміла ў фэйсбуку пісьменніца Ганна Севярынец. Яна выставіла фатаграфію, дзе бачна, што на таблічцы з імем паэта Алеся Дудара напісалі: «Тут іх няма». Севярынец удакладняе, што зараз надпіс ужо адмылі, прычым «ужо не першы раз».

Курапаты - лясны масіў у Менску, месца масавых расстрэлаў і пахаванняў рэпрэсаваных органамі НКУС у 1937-1940 гадах, у тым ліку 100 прадстаўнікоў беларускай эліты. Іх расстралялі тут у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 гады. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю як «Ноч расстраляных паэтаў».

Дакладная колькасць пахаваных ахвяр невядомая: дакументы з архіва КДБ Беларусі, якія тычацца падзей у Курапатах, застаюцца для даследчыкаў недаступнымі. З 1993 года ўрочышча Курапаты ўнесенае ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як месца пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў.

Апошнія навіны