У Паўночнай Карэі паведамілі аб першай смерці ад каранавіруса
- 13.05.2022, 10:19
У краіне яшчэ сотні тысяч маюць сімптомы COVID-19.
Паўночная Карэя заявіла аб першым афіцыйна пацверджаным смяротным выпадку COVID-19. Пры гэтым у краіне яшчэ сотні тысяч маюць сімптомы каранавіруса.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Адзначаецца, што ў КНДР блізу 187 800 чалавек зараз знаходзіцца на ізаляцыі з-за "ліхаманкі неўстаноўленага паходжання". Успышку зафіксавалі ў канцы красавіка, але вірус ужо распаўсюдзіўся па краіне.
Мясцовыя СМІ паведамляюць, што прыкметы каранавіруса знайшлі ў 350 тысяч чалавек, з іх прайшлі лячэнне 162 тысячы, але дакладна невядома, ці быў гэта COVID-19.
Таксама прынамсі шэсць чалавек, якія мелі сімптомы каранавіруса, памерлі. У аднаго з іх афіцыйна пацвердзілі штам "Омікрон".
Спецыялісты мяркуюць, што ўспышка пагоршылася з-за сур'ёзнага крызісу ў краіне з-за адсутнасці патрэбных медыцынскіх рэсурсаў, паколькі КНДР адмовілася ад міжнароднай дапамогі ў вакцынацыі і поўнасцю закрыла межы.
Цяпер улады спрабуюць рэарганізаваць працу медыцынскай сістэмы, тэставанне і лячэнне, а таксама ўзмацніць дэзінфекцыю.
Нагадаем, напярэдадні ў КНДР заявілі аб першым выпадку каранавіруса. У пацыента знайшлі "Омікрон".