У Менску памёр граф Аляксандр Прушынскі
- 4.07.2022, 14:00
Яму было 88 гадоў.
У Менску на 89-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі і польскі грамадскі актывіст, выдавец, граф Аляксандр Прушынскі. Яго, як паведамілі сайту Charter97.org родныя, не стала тры дні таму.
Аляксандр Прушынскі - сын вядомага польскага паэта і дыпламата Ксаверыя Прушынскага.
Аляксандр Прушынскі нарадзіўся ў 1934 годзе ў маёнтку Рагозніцы на Гарадзеншчыне. Разам з сям'ёй эмігрыраваў у Польшчу. Пазней жыў у ЗША, Францыі і Канадзе, дзе займаўся бізнэсам і выдавецкай дзейнасцю. У Канадзе ў 1981 годзе пад ягоным кіраўніцтвам пачаў выходзіць часопіс «Слово Солидарность», які перадрукоўваў артыкулы з польскага выдання «Салідарнасць» — штотыднёвіка незалежнага прафзвязу.
На пачатку 90-х вярнуўся ў Беларусь. Граф Прушынскі прытрымліваўся актыўнай грамадзянскай пазіцыі, крытычна выказваўся аб рэжыме Лукашэнкі, удзельнічаў у акцыях пратэсту.
У 2021 годзе 87-гадовы Аляксандр Прушынскі выйшаў да Чырвонага касцёла і пачаў раздаваць улёткі з нагоды хуткага Дня Волі. Смелага графа затрымалі. Але нават у міліцэйскім пастарунку гучала: «Жыве Беларусь».
«Ні адзін, ні два і не тры разы. Я прапаноўваў міліцыянтам сфатаграфавацца са мной як з кандыдатам у прэзідэнты, але яны баяліся», - распавядаў Аляксандр Прушынскі.
Рэдакцыя сайта Charter97.org выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім графа Аляксандра Прушынскага.