Навукоўцы: Людзі навучыліся гаварыць, калі страцілі частку галасавога апарату прыматаў
- 12.08.2022, 21:24
Часта правільная эвалюцыя - гэта эвалюцыя ад складанага да простага, а не наадварот.
Новае даследаванне галасавога апарата чалавека ды іншых прыматаў паказвае, што наша гартань падчас эвалюцыі здабыла значна прасцейшую анатомію, чым у нашых негаваркіх продкаў, паведамляе Science. Гэта спрашчэнне акурат і дазволіла нашаму гатунку замест складаных пошчакаў, як у іншых прыматаў, прайграваць роўную паслядоўнасць гукаў, якія сталі маўленнем.
"Гэта справядлівыя высновы", – кажа Барт дэ Бур, лінгвіст, які вывучае эвалюцыю маўлення ў Вольным універсітэце Брусэля.
У людзей за генерацыю гукаў адказвае падвойная пара зморшчын у гартані, вядомых як галасавыя звязкі. А галасавы апарат іншых прыматаў мае плюс да іх яшчэ і тонкія лапікі, вядомыя як галасавыя мэмбраны, або галасавыя губы, якія часта знаходзяцца поруч з галасавымі звязкамі або злучаныя з імі.
Біёлаг-эвалюцыяніст з Венскага ўніверсітэта, які вывучае галасавы апарат прыматаў, Уільям Тэкумсэ Фітч і ягоныя калегі пабудавалі кампутарную мадэль гартані малпы. Галасавыя мэмбраны віртуальнай гартані хаатычна вагаліся і спараджалі нераўнамерны акустычны струмень. Як толькі даследнікі прыбралі "лішнія" перагародкі ў гартані, галасавыя звязкі сталі падобнымі да чалавечых, і гукі, якія яны спараджалі, таксама сталі нагадваць чалавечыя.
Лішнія галасавыя мэмбраны "прымушаюць вас гучаць як Курт Кабэйн, а не як оперны спявак", - жартуе Фітч.
"Шмат хто схільны думаць, што эвалюцыя – гэта заўсёды ўскладненне, але вось вам добры контрпрыклад", – падкрэслівае навуковец.