BE RU EN

«На 8 прывезла на ўрокі, да 11:45 еду забіраць»

  • 19.09.2022, 16:16

Бацькі абураныя, што месцаў у групе падоўжанага дня стае не ўсім школьнікам.

У рэдакцыю «Зеркала» звярнуліся некалькі чытачоў, дзеці якіх ходзяць у школу. Яны нечакана сутыкнуліся з праблемай: іх дзецям не выстарчыла месцаў у групе падоўжанага дня. Цяпер бацькам цягам дня даводзіцца адцягвацца ад працы, каб забраць свайго школьніка дадому. «Чаму група падоўжанага дня не для ўсіх»? - Задаюцца пытаннем нашы чытачы. Спыталі ў Міністэрства адукацыі.

- У школу, куды пайшло маё дзіця, сёлета набралі 170 першакласнікаў. У групу падоўжанага дня змаглі прыняць блізу 70 чалавек. Мы ў іх лік не патрапілі, - апісвае сітуацыю Максім (імя змененае) з Бярозы. - Урокі ў сына заканчваюцца аб 11.45. Настаўніца просіць, каб мы прыходзілі, забіралі дзяцей. Трэба адцягвацца ад працоўных задач і ісці ў школу.

Астатнюю частку дня школьнік знаходзіцца побач з мамай ці з татам. Са слоў суразмоўцы, гэта няпроста.

- Вядома, ён можа быць дома сам, але мы не гатовыя да таго, каб пакідаць сямігодку аднаго, - разважае мужчына. - Дзяцей, якія трапілі ў групу падоўжанага дня, школа неяк вызначала сама. Паводле якіх крытэраў, я не ведаю. На нашае пытанне, чаму ў групу падоўжанага дня не могуць прыняць усіх, патлумачылі: «Месцаў мала». А чаму іх мала, не сказалі.

З такой жа праблемай сутыкнулася і наша чытачка з Менска Наталля (імя змененае). У верасні 2022-га яе сын пайшоў у другі клас адной са сталічных школ. Летась, са слоў маці, пытанняў з групай падоўжанага дня ў іх не было: месцы знайшліся для ўсіх ахвотных.

- Сёлета нам сказалі, што набяруць толькі адну падоўжаную групу другакласнікаў. З кожнага класа ў яе ўзялі па дзесяць чалавек. На якой падставе дзяцей выбіралі, не тлумачылі, - распавядае Наталля. - Я так зразумела, гэта былі тыя, хто першымі паставіў упадабайку допісу настаўніцы ў чаце класа. Мы спыталі ў адміністрацыі школы, а астатніх куды? Нам адказалі: «Прыцягвайце сваякоў». Але сваякі ў Менску ёсць не ва ўсіх.

Наталля з сынам жыве не надта далёка ад школы, але трэба ехаць на грамадскім транспарце. І, нягледзячы на тое, што з заняткаў хлопчыка адпускаюць аднаго, маці перажывае, як ён будзе дабірацца сам. Таму ходзіць яго сустракаць.

— Калі гутару на гэтую тэму з сяброўкамі, яны кажуць, што заняткі ў іх дзяцей заканчваюцца блізу 14 гадзін. У нас жа ўрокі да 11.45. Выходзіць, я толькі прывязу сына на заняткі да 8 раніцы, крыху папрацую і зноў накіроўваюся ў школу, — апісвае сваю сітуацыю суразмоўніца.

- А як іншыя бацькі развязваюць гэтае пытанне?

- Не ведаю, магчыма, у кагосьці бабулі, хтосьці не працуе. Адна з нашых маці падняла кіпіш, патэлефанавала ў Міністэрства адукацыі і іх дадалі ў групу падоўжанага дня. Я таксама набірала ў міністэрства, але не датэлефанавалася, і потым ужо не вярталася да гэтага пытання. Але я проста не магу зразумець, чаму ў першым класе дзіця ўважаецца маленькім і яму арганізуюць групу падоўжанага дня, а ў другім не. Няўжо яно за год вырасла?

У Міністэрстве адукацыі, куды журналісты патэлефанавалі як звычайныя бацькі, патлумачылі: у Беларусі няма нормы, якая б замацоўвала тое, што ў школе для навучэнцаў мусіць быць група падоўжанага дня.

- Група падоўжанага дня арганізуецца з мэтай надання дапамогі бацькам, якія працуюць, - растлумачылі ў міністэрстве. - Калі ёсць умовы ў школе, яна арганізуе групу падоўжанага дня, калі не, не арганізуе. Асаблівых крытэрыяў, паводле якіх навучальныя ўстановы вызначалі, ці трапіць дзіця ў групу падоўжанага дня, не існуе. Гэта вызначае школа. Напрыклад, мамы з татамі могуць проста цягнуць жэрабя.

У міністэрстве таксама параілі: калі сітуацыя няпростая і дзяцей няма з кім пакінуць дома, бацькі могуць калектыўна звярнуцца да дырэктара і, абгрунтаваўшы, напрыклад, што яны працуюць і аб 11.45 у іх проста няма магчымасці забіраць сына ці дачку, папрасіць арганізаваць для іх групу падоўжанага дня.

Апошнія навіны