Расейцам, якія ўцякаюць у Казахстан, адмаўляюцца здаваць кватэры
- 24.09.2022, 13:50
Грамадзянам РФ прапануюць прайсці «тэст на Крым».
Вядомы ўкраінскі журналіст і мэдыямэнэджэр Дмытро Гардон на сваёй старонцы ў Instagram змясціў відэа, знятае адным з казахстанскіх радыёвядоўцаў.
Казах наважыў спраўдзіць, ці праўда тое, што расейцам у Казахстане адмаўляюць у арэндзе жылля. Вядоўца затэлефанаваў адной з жанчын, якая здае дарагую кватэру ў цэнтры Алматы (вартасцю 833 даляры – прыкладна на 240 даляраў вышэй за сярэдні заробак у месце).
Падчас размовы радыёвядоўца спытаўся, ці здаецца кватэра грамадзянам Расеі. На што жанчына спачатку адказала, што не будзе рабіць рэгістрацыю расейцам.
Вядоўца адказаў, што нічога не трэба рабіць, а проста ён хоча зняць кватэру. І тут жанчына задае сакраментальнае пытанне: «Чый Крым?». Для чысціні эксперыменту мужчына адказаў - "расейскі". Жанчына тут жа сказала: "Ну, тады я не здам, прабачце".