Каля Гомеля лятае самалёт-лабараторыя з радыёэлектронным абсталяваннем.
- 24.09.2022, 16:14
Такія самалёты выкарыстоўваюцца для лётных праверак аэрапортаў.
Сэрвіс фіксацыі авіяпалётаў flightradar24 сёння зафіксаваў вылет з гомельскага аэрапорта невялікага двухматорнага самалёта. У небе самалёт пачаў рабіць падлёты да гомельскага аэрапорта. «Флагшток» разабраўся, што гэта за самалёт і што ён робіць у небе над Гомелем.
Гэта лёгкі двухматорны самалёт-лабараторыя Diamond DA-42 Twin Star (EX-11002) кыргызстанскай авіякампаніі «SKY KG Airlines». Самалёт выкарыстоўваецца для правядзення лётных праверак аэрапортаў. У 2020 годзе, напрыклад, самалёт выконваў лётную праверку наземных сродкаў радыётэхнічнага забеспячэння палётаў і святлосігнальнага абсталявання ў львоўскім аэрапорце імя Данііла Галіцкага.
У Беларусі гэты самалёт некалькі разоў фіксаваўся сервісам flightradar24 — з сярэдзіны верасня над аэрадромамі Віцебска і Магілёва.
Чаму спатрэбілася праводзіць праверку гомельскага аэрапорта, які праз расейска-ўкраінскую вайну фактычна не выкарыстоўваецца для цывільнай авіяцыі, невядома.