BE RU EN

WSJ: Эскалацыя вайны ва Украіне можа стаць канцом рэжыму Пуціна

  • 26.09.2022, 10:13

Пры гэтым нават «энэргетычная карта» яго не выратуе.

Эскалацыя вайны Расеі супраць Украіны вядзецца толькі для таго, каб захаваць аблічча прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну і можа стаць канцом яго рэжыму. Такое меркаванне выказаў аглядальнік амерыканскай газеты The Wall Street Journal Холман Джэнкінс-малодшы, паведамляе glavred.info.

З ягоных слоў, пагроза для прэзідэнта РФ можа з'явіцца знутры - з кола яго былых хаўруснікаў, і «Пуцін ведае, што цяпер нішто не прыкончыць яго хутчэй».

Джэнкінс-малодшы назваў поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну авантурай. Яна магла б акупіцца толькі ў выпадку, калі б першапачатковы погляд пракрамлёўскай прапаганды на стан спраў быў бы рэальным: калі б «Украіна была фальшывай і гнілой дзяржавай, гатовай з падзякай патрапіць у рукі РФ».

Аднак гэта не так, і цяпер агрэсару давялося яшчэ больш распаліць сітуацыю. Найлепшае выйсце для Пуціна цяпер – перамовы, мяркуе аўтар.

«Для пачатку дамагчыся спынення агню, а затым дазволіць перамовам аб канчатковым урэгуляванні зацягнуцца на 10, 20 гадоў, колькі б ён ні разлічваў пражыць, спрабуючы аднавіць сваю энэргію», – гаворыцца ў артыкуле.

Пры гэтым нават «энэргетычная карта» Пуціна не зможа яго выратаваць - «ён занадта доўга чакаў, каб выкарыстаць яе». Напрыклад, у Нямеччыне паніка праз магчымы крызіс ужо саступіла месца падрыхтоўцы і планаванню.

«Сапраўднае пытанне цяпер можа палягаць не ў тым, ці хоча спадар Пуцін сысці [з вайны]. Пытанне ў тым, ці падорыць яму гэта прэзідэнт Украіны Зяленскі», - піша Джэнкінс-малодшы.

Пры гэтым ён мяркуе, што Пуцін зможа перажыць няўдалую вайну ва Украіне, бо расейскі прэзідэнт спрабаваў зрабіць усё, каб «жыццёва важныя пласты насельніцтва» наогул не разумелі, што вайна ідзе.

«Прывілегіяваныя 17 мільёнаў Масквы і Санкт-Пецярбурга не збіраюцца пратэставаць на вуліцах, калі ён не заваюе Украіну. А яны маглі б, калі б ён паспрабаваў уцягнуць іх сем'і ў свой зманлівы праект», – мяркуе аглядальнік The Wall Street Journal.

Апошнія навіны