BE RU EN

У Расеі раскупілі квіткі на цягнікі і аўтобусы да Гомеля

  • 26.09.2022, 11:47

Ад «частковай мабілізацыі» расейцы спрабуюць схавацца ў нашай краіне.

На найбліжэйшыя дні на цягнікі і аўтобусы з Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў Расеі раскупленыя ўсе квіткі да Гомеля. Адразу пасля абвяшчэння ў РФ «частковай мабілізацыі» вольных месцаў яшчэ ставала - тыя, хто не жадае ваяваць супраць Украіны, імкнуліся з'ехаць з Расеі ў Грузію, Казахстан, Фінляндыю, краіны Балтыі, вылецець у Турцыю. Як патлумачылі «Флагштоку» некалькі суразмоўцаў з Расеі, варыянт схавацца ў Беларусі разглядаўся ў апошнюю чаргу, бо было відавочна, што беларускі рэжым будзе выдаваць расейцаў, якія падлягаюць прызыву.

Аднак цяпер, пасля таго, як многія краіны закрылі свае межы для грамадзян РФ, а ў самой Расеі забаранілі выезд мужчынам прызыўнага ўзросту, ды і квіткоў на авіярэйсы не засталося (хіба што па завоблачнымі коштамі), маршруты ў Беларусь сталі папулярнымі - як адна з апошніх магчымасцяў ухіліцца ад уручэння позвы.

Паводле інфармацыі сайтаў БЧ і РЧ, на найбліжэйшыя дні, 26 і 27 верасня, у цягніках да Гомеля з Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў РФ месцаў няма. Са сталіцы Расеі ёсць у наяўнасці квіткі на цягнік у сераду, 28 верасня, а вось з Піцера найбліжэйшы з месцамі - толькі ў чацвер, 29 верасня. Квіткі на аўтобус з Бранска ў Гомель «Яндэкс» прапануе таксама толькі на сераду.

Сваімі назіраннямі падзяліліся некалькі гамельчукоў. З іх уражанняў, у апошнія дні павелічэння плыні расейцаў у Гомелі не назіралася.

«Аўто з расейскімі нумарамі і раней было шмат — прыязджалі на закупы, рабіць карткі. Няма ўражання, што іх стала больш. Але ж на аўто і не едуць - разумеюць, што так іх будзе лягчэй адсачыць. Таму будуць прыязджаць на цягніках і аўтобусах, а сяліцца не ў гатэлях, а здымаць кватэры без дамовы», - мяркуе гамяльчук Дзмітрый.

Апошнія навіны