BE RU EN

Генерал Бэн Ходжэс: Тысячы расейскіх вайскоўцаў будуць захопленыя ці знішчаныя ўнутры катла

  • 3.09.2022, 10:53

Расейцы наўрад ці змогуць спыніць адважны ўкраінскі наступ на Херсон.

Амерыканскі генерал-лейтэнант у адстаўцы, былы камандзір войскаў ЗША ў Еўропе, ветэран войнаў у Іраку і Афганістане Бэн Ходжэс у інтэрв'ю сайту Charter97.org ацаніў сітуацыю на франтах ва Украіне і перспектывы рэжыму Лукашэнкі.

– Нядаўна Лукашэнка адкрыта пагражаў Захаду: «Яны [Захад] павінны разумець, што ніякія гелікоптары, самалёты, калі яны пойдуць на абвастрэнне, іх не выратуюць», а таксама дадаў, што «ўсё гатовае», маючы на ўвазе што беларускія вайсковыя самалёты ўжо мадыфікаваныя і здольныя несці ядзерную зброю. Ці робяць падобныя заявы ядзерны канфлікт на крок бліжэйшым ці гэта ўсяго толькі блеф?

– Па-першае, гэта безадказна з боку Лукашэнкі – выкарыстоўваць такія фармулёўкі. Гэта не патрэбна, а таксама беззмястоўна. Калі ён кажа пра эскалацыю, Захад не абвастраў сітуацыю – гэта робіць Расея, якая разам з урадам Лукашэнкі ўварвалася ва Украіну. Так што заява, што гэта эскалацыя з боку Захаду, – пустая рыторыка.

Па-другое, я ні на секунду ў гэта не веру. Ідэя, што нейкім чынам Ваенна-паветраныя сілы з Беларусі будуць несці ядзерную зброю, каб дапамагчы Расеі, здаецца мне зусім неверагоднай, і я чакаў бы, што народ Беларусі нейкім чынам узнімецца, каб гэта прадухіліць. Я думаю таксама, што людзі ў атачэнні Лукашэнкі ўсведамляюць, што ўдзельнічаць у нейкім ядзерным удары для Беларусі было б самагубствам, таму што ЗША і Вялікая Брытанія не змаглі б застацца ўбаку, ім давялося б адказваць на любое ўжыванне ядзернай зброі. Таму я думаю, што гэта вельмі малаверагодна.

І, нарэшце, скажу, што гэта безадказна яшчэ і з улікам безразважных паводзінаў расейскіх войскаў каля Запарожскай АЭС гаварыць пра нейкае ўжыванне ядзернай зброі, у той час як сотні мільёнаў людзей ужо занепакоеныя небяспекай ад ЗАЭС; гэта далейшыя безразважныя паводзіны Лукашэнкі.

Але ён прадаўжае гуляць у сваю гульню, спрабуючы задаволіць Маскву, нічога насамрэч не робячы. Думаю, што гэта частка гэтай гульні.

– Калі глядзець з заходняга і ўкраінскага боку, то, як правіла, Украіна ўнікае адкрытых удараў па тэрыторыі Расеі. Вам гэта падаецца правільнай стратэгіяй – не правакаваць Пуціна – ці гэта празмерная стрыманасць у дачыненні да яго?

– Думаю, што з ЗША і іншых заходніх сталіцаў было чуваць занадта шмат прамоваў пра тое, каб не правакаваць Крэмль і каб не было эскалацыі да Трэцяй сусветнай вайны. Мяркую, мы бачылі, што Расея не здольная зрабіць гэта нічым, акрамя ядзернай зброі. І я не думаю, што праўдападобнае ці верагоднае тое, што Расея ўжыве ядзерную зброю на тэрыторыі Украіны з прычынаў, якія я ўжо прыводзіў.

Думаю, што ў дачыненні да нанясення ўдараў Украінай па цэлях усярэдзіне Расеі, то вядома, калі расейскія самалёты ўзлятаюць з аэрадрома на тэрыторыі Расеі і забіваюць невінаватых украінскіх мірных жыхароў ракетамі, выпушчанымі з тэрыторыі Расеі, то ўкраінскі Генштаб, я мяркую, мог бы абгрунтавана наносіць удары па гэтых цэлях. Вядома, яны павінны будуць праводзіць палітычны разлік, якія будуць іншыя наступствы, але ў плане абгрунтаванасці выбару цэляў, па іх могуць наносіцца ўдары. І я б таксама сказаў (і гэта вызначаць Украіне), калі расейскія самалёты ўзлятаюць з Беларусі і забіваюць невінаватых украінскіх мірных жыхароў, то, думаю, гэта становіцца абгрунтаванымі цэлямі, але гэта вызначаць Украінскаму генеральнаму штабу.

Я чакаў бы, што большасць жыхароў Беларусі незадаволеныя тым, што расейскія самалёты вылятаюць з Беларусі і забіваюць невінаватых украінскіх мірных жыхароў.

– Інфармацыя пра Херсон вельмі абмежаваная, аднак не маглі б вы растлумачыць, чым значныя падзеі, якія адбываюцца там, і на што варта звяртаць увагу?

– У нас не шмат інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Херсоне, але ў нас і не павінна быць шмат інфармацыі. Украінскі Генштаб вельмі добра спраўляецца з абаронай інфармацыі (як мы гэта называем, аператыўнай бяспекай), бо калі мы гэта ведаем, то гэта ведаюць і расейцы.

Мяркую, Украінскі Генштаб прарабіў добрую працу за апошнія некалькі тыдняў для стварэння ўмоваў, таго, што мы называем «аперацыямі фармавання», стварэннем умоваў для контрнаступу (на той момант, калі яны будуць гатовыя): знішчэнне расейскіх лагістычных ланцужкоў, знішчэнне расейскіх штабоў, знішчэнне расейскіх аэрадромаў і ліній сувязі, знішчэнне расейскай артылерыі і ракетаў, разбурэнне мастоў, якія маглі б выкарыстоўвацца расейцамі для перамяшчэння праз Днепр у Херсоне і наваколлях. Такім чынам, усе гэтыя важныя крокі былі зробленыя. Мы таксама бачылі напады партызанаў і сілаў спецыяльнага прызначэння на розную інфраструктуру на акупаваных тэрыторыях, у тым ліку, напрыклад, забойства галоўнага калабарацыяніста ў Херсоне. Думаю, мы будзем назіраць усё больш і больш падобных падзей, якія ствараюць страх і блытаніну ў тыле, і мы павінны сачыць за гэтым. У расейцаў недастаткова сілаў для абароны ўласнага тылу. Такім чынам, гэта важная частка падрыхтоўкі Украіны.

Мяркую, я не ведаю гэтага напэўна, але я меркаваў бы, што яны таксама нарошчвалі сілы на выпадак контратакі, не паддаючыся спакусе кідаць усё, што ёсць, у бітву. Замест таго, каб мабілізаваць гэтыя сілы, падрыхтавалі іх да моманту для выкарыстання, калі будуць прыдатныя ўмовы (і толькі Украінскі генеральны штаб будзе ведаць, калі надыдзе правільны момант). Такім чынам, думаю, што мы, верагодна, назіраем нешта накшталт гэтага, але мы не будзем ведаць дакладна, як мне падаецца, яшчэ некалькі дзён.

Чаму гэта важна? Па-першае, Херсон быў першым захопленым абласным цэнтрам. І мы бачылі, што Расея збіраецца зрабіць – русіфікаваць усё: рубель, мова, культура. Яны знішчаюць усе аспекты ўкраінскай культуры, якія толькі могуць, і расстаўляюць сваіх людзей на месцах. Так што важна гэта пераламаць і асабліва зрабіць гэта да любога фіктыўнага рэферэндуму пра статус Херсонскай вобласці.

Па-другое, патэнцыйна тысячы расейскіх вайскоўцаў будуць захопленыя або знішчаныя ўнутры такога катла, калі Украіна захоча гэта зрабіць. Гэта стане сур'ёзным ударам па расейскіх сілах, і Крэмль не зможа прыдумаць такую казку, якая гэта растлумачыла б. Можна сказаць з упэўненасцю, расейскія войскі, якія захраслі ў Херсоне, не будуць змагацца так, як гэта рабілі ўкраінскія салдаты ў Марыюпалі – гэта будзе супастаўленне волі да бітвы і магчымасцяў.

Па-трэцяе, калі ліквідаваць Херсон як расейскі анклаў, то ва ўкраінцаў з'явіцца магчымасць перамясціць HIMARS і іншыя ракетныя ўстаноўкі далей на ўсход, значна бліжэй да Крыма. Такім чынам, пасля гэтага можна ўявіць сабе магчымасць штодзённых нападаў на ўсю інфраструктуру, у тым ліку порт у Севастопалі на Крымскім паўвостраве. Гэта сапраўды моцна ўскладніць для Расеі правядзенне аперацый з Крыма. Чарнаморскі флот ужо хаваецца за паўвостравам, а ва Украіны няма нават ВМФ. Гэта [захоп Херсона] вельмі ўскладніць жыццё расейцам. І ўжо дакладна вы больш не ўбачыце расейскіх турыстаў на пляжах у Крыме.

– Чаму вы думаеце, што для Расеі складана набраць на вайну 137 тысячаў чалавек (як вы згадалі ў адным са сваіх нядаўніх інтэрв'ю)?

– Па-першае, я ніколі не веру лічбам з Расеі. Лічбы, якія яны дзесяцігоддзямі паведамлялі пра тое, колькі ў іх войскаў, заўсёды былі завышаныя на 20–30% – увесь час ілжывыя лічбы. Гэта класічны метад карупцыі – паведамляць завышаную колькасць салдатаў для атрымання заробкаў, а потым прысабечваць розніцу. Так што я не веру ніводнай лічбе.

Па-другое, яны ўжо не могуць запоўніць тыя падраздзяленні, якія ў іх ёсць. Няма ніводнага цалкам укамплектаванага расейскага падраздзялення. Дык дзе ж яны возьмуць 137000 новых свежых прызыўнікоў для перадавой?

Так, у Расеі жыве недзе ад 130 да 140 мільёнаў чалавек. Гэтае насельніцтва скарачаецца. Гэта не здаровае насельніцтва. Многія маладыя людзі спрабуюць адтуль выбрацца. Прыкметна, што амаль ніхто не прыязджае [на вайну] з Масквы ці Пецярбурга. Усе ахвяры – з этнічных рэгіёнаў за межамі двух буйных расейскіх гарадоў, таму што ніхто не хоча служыць у расейскай арміі. Вы бачылі тыя ж відэа, што і я, з людзьмі на пляжы ў Крыме. Я бачыў шмат маладых, здаровых людзей спартовага целаскладу. Чаму яны не пайшлі ў войска, калі Крым для іх святая зямля?

Вось чаму я не веру, што яны калі-небудзь змогуць прывабіць столькі людзей. І насамрэч, я не думаю, што яны нават збіраюцца заклікаць столькі людзей. Думаю, гэта сведчыць пра некаторую збянтэжанасць, якая адбываецца ўнутры Крамля.

Усе мы бачылі відэа пра жахлівую якасць каскі, якую носіць расейскі салдат, жудасныя ўмовы, няздольнасць расейскай лагістычнай сістэмы забяспечыць сваіх салдатаў харчаваннем і боепрыпасамі, медыцынскай дапамогай. Калі мы гэта ўбачым, то гэта бачаць і расейцы; і сем'і не захочуць, каб іх сын патрапіў у такую сітуацыю. Такім чынам, гэта яшчэ адна прычына, чаму я не думаю, што мы ўбачым шмат добраахвотнікаў.

– Якія вашы чаканні датычна таго, як будзе выглядаць гэты канфлікт у наступныя 6 месяцаў?

– Праз жахлівую лагістыку расейцы знясіленыя. Яны не могуць забяспечыць ніякую наступальную аперацыю. Не думаю, што яны змогуць спыніць адважны ўкраінскі наступ, калі Захад будзе падтрымліваць Украіну. Мяркую, што да канца гэтага года мы ўбачым, як расейскія сілы будуць цалкам адкінутыя да лініі 23 лютага. Падумайце пра мапу: пасля шасці месяцаў, з усімі перавагамі і ўсім меркаваным ваенным патэнцыялам Расеі паглядзіце на маленькую тонкую палоску Украіны, якую яны кантралююць. І яна становіцца меншай. Так што я мяркую, цалкам праўдападобна, што да канца гэтага года Украіна адцісне Расею да лініі 23 лютага.

І я веру, што мы ўбачым вяртанне Крыма пад украінскі суверэнітэт, верагодна, у нейкі момант налета праз спалучэнне ваенных і дыпламатычных намаганняў. Прэзідэнт Зяленскі сказаў: «З Крыма ўсё пачалося, Крымам усё і скончыцца». Думаю, гэта менавіта тое, ува што верыць увесь украінскі народ.

І я сказаў бы, што рэжым Лукашэнкі цяпер разумее, што прыкаваў сябе кайданкамі да трупа; што яны, верагодна, спрабуюць прыдумаць, як ім выжыць, аддаляючыся ад Крамля.

Апошнія навіны