The Telegraph: Брытанія можа перадаць Украіне знішчальнікі, але пры адной умове
- 28.01.2023, 10:56
Высокапастаўлены афіцэр Каралеўскіх ВПС назваў галоўны чыннік прыняцця пастановы.
Улады Вялікай Брытаніі маглі б ухваліць перадачу Украіне знішчальнікаў пасля выхаду расейскіх войскаў з акупаваных тэрыторый.
Пра гэта паведамляе The Telegraph са спасылкай на крыніцы. Выданне не ўдакладняе, з якіх пазіцый расейцы павінны выйсці.
Адна высокапастаўленая крыніца Каралеўскіх ВПС адзначыла, што цяпер гэтае пытанне не ў прыярытэце. Суразмоўцы выдання расказалі, што перадача самалётаў можа адбыцца, «калі Расея будзе выгнаная з Украіны, а ўкраінцам трэба будзе правесці місію паветранага кантролю, каб абараніць сваю паветраную прастору».
У той самы час іншая высокапастаўленая крыніца ў абароне занепакоеная тым, што Ваенна-Паветраныя сілы і Ваенна-Марскі флот (ВМС і ВМФ) не робяць істотнага ўнёску ў падтрымку УСУ. Адзначаецца, што «ўкраінцам патрэбны ўдзел усіх відаў Узброеных сілаў».
Аднак суразмоўцы ў ВМС і ВМФ растлумачылі, што іхняе ўзбраенне больш складанае ў выкарыстанні і патрабуе больш часу на падрыхтоўку. Акрамя таго, ВМФ Вялікай Брытаніі з лета 2022 вучыць украінцаў кіраваць двума міннымі тральнікамі класу Sandown.