СМІ: Пад Менскам перад Новым годам на карпаратыве забілі работніка ДАІ
- 28.01.2023, 18:21
Надзвычайнае здарэнне адбылося ў кавярні «Очаг» каля Бараўлян.
На адным з навагодніх карпаратываў у Менску быў забіты супрацоўнік Дзяржаўнай аўтаінспекцыі. Пра гэта паведамляюць крыніцы «Белсата».
Як адзначаецца, інцыдэнт адбыўся ўвечары 29 снежня ў кавярні «Очаг» каля Бараўлянаў, дзе ў той момант адразу некалькі ўстаноў адзначалі навагоднія карпаратывы, у тым ліку і ДАІ.
Ужо ў канцы карпаратыву адбылася вялікая бойка, «нейкі аўтаінспектар вытанцоўваў там без футболкі». Бойку спачатку ўдалося разняць, але потым яна пачалася зноў. Раптам жанчына пабегла выклікаць хуткую.
Відавочцаў бойкі пасля выклікалі ў міліцыю даваць сведчанні. Складзены фотаробат на пяць чалавек. Распачатая крымінальная справа паводле факту забойства з неасцярожнасці і выкарыстання халоднай зброі.
У сакратарыяце УДАІ ГУУС Менгарвыканкама на просьбу аб каментарыі перанакіравалі на іншы нумар тэлефона, але там ніхто не паднімаў слухаўку. У кавярні «Очаг» ад каментара наконт пераднавагодняга інцыдэнту адмовіліся:
«Ніякай інфармацыі мы не даем».
Не адзіная бойка?
27 студзеня тэлеграм-канал «Рэальная Беларусь» пісаў, што гэтымі днямі ў адной з рэстарацый Менска адбылася сур'ёзная бойка паміж работнікамі Следчага камітэта і міліцыянтамі.
Нібыта канфлікт адбыўся на глебе стаўлення да вайны ва Украіне, калі прадстаўнікі СК «вырашылі «правучыць» міліцыянтаў за іх негатыўнае стаўленне да ўзброенай агрэсіі».
Дата і месца здарэння пры гэтым не называліся. Ці сапраўды яно мела месца і ці не звязана з апісаным намі, невядома.
А як раней
Пераднавагодні інцыдэнт - гэта не першая бойка з удзелам сілавікоў у 2022 годзе ў Менску. Так, 21 чэрвеня ў жылым комплексе «Каскад» былы кіраўнік ГУБАЗіку і дзейны работнік Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС Андрэй Паршын каля свайго дома паспрабаваў разагнаць некалькіх падлеткаў. Пачалася бойка, ён быў на зямлі, а пасля стрэліў 16-гадоваму хлопцу ў нагу. Таго павезла хуткая.