Вяскоўцы: На аэрадроме ў Зябраўцы ўвялі рэжым сакрэтнасці
- 28.01.2023, 21:12
Жыхары Гомельскага раёна кажуць, што колькасць расейскіх жаўнераў вырасла.
«Флагшток» паразмаўляў з жыхаром вёскі Гомельскага раёна, размешчанай каля старога аэрадрома ў Зябраўцы, дзе цяпер размяшчаецца расейская вайсковая база:
«З аэрадрома выгналі ўсіх нашых жаўнераў, іхняга перасоўвання вакол аэрадрома апошні час амаль не відаць. Цяпер там увялі нешта накшталт рэжыму сакрэтнасці: расейскія вайскоўцы палохаюць вяскоўцаў, што тэрыторыя вакол аэрадрома замінаваная, каб не лазілі там.
Расейскіх жаўнераў, здаецца, больш стала: і на тэрыторыі аэрадрома жывуць, і ў суседніх вёсках. Сёй-той мяркуе, што яны тамака (на тэрыторыі аэрадрома) рыхтуюцца прымаць авіяцыю. Тут складана дакладна казаць, але з напружання вайскоўцаў прыкметна, што да чагосьці рыхтуюцца».
Нагадаем, што 14 студзеня гэтага года Расея ўчыніла масаваны абстрэл Украіны. Пазней стала вядома, што з імавернасцю 99% Расея абстраляла Кіеў з тэрыторыі беларускай Зябраўкі.