BE RU EN

«Знялі з яго няслаба»: У Беларусі банкруцяць «Востраў чысціні»

  • 1.10.2023, 14:07

Кампанія дае працу больш як сямі тысячам чалавек.

Кампанія «Ромакс», якая кіруе «Востравам чысціні і густу» і «Востравам здароўя», сутыкаецца з фінансавымі цяжкасцямі. Велізарны выкуп лукашыстам за выхад уласніка з СІЗА, праблемная бізнэс-мадэль і эканамічныя шокі пагражаюць вядомай кампаніі накаўтам. Гэта хвалюе рынак і супрацоўнікаў: «Востраў чысціні» – адзін з найбуйнейшых прыватных працадаўцаў краіны, піша «Наша Ніва».

«Востраў чысціні» – адзін з двух найбуйнейшых гандляроў побытавай хіміяй у Беларусі. Тавары для чысціні, рэчы для кухні і гэтак далей – гэта тое, з чаго яны пачыналі.

З часам яны пашырылі прапанову тавараў і сталі «Востравам чысціні і густу», а таксама запусцілі сетку са 100 аптэк «Востраў здароўя».

У сегменце гандлю хіміяй «Востраў чысціні» саступае памерамі толькі «Міле», мае 650 крамаў па ўсёй краіне.

Кіруе крамамі і брэндамі група кампаній «Ромакс». Яе асноўныя бенефіцыяры – сям'я Віктара Рамука. На Рамукоў працуюць больш за 7000 чалавек.

Віктара Рамука разам з жонкай арыштоўвалі восенню 2022-га.

Нейкі час Рамук правёў у СІЗА і, паводле інфармацыі суразмоўцаў «Нашай Нівы», выйшаў паводле звычайнай схемы, пагадзіўшыся выплаціць лукашыстам налічаныя штрафы.

«Знялі з яго няслаба», – кажуць нашы суразмоўцы, называючы суму 7 мільёнаў даляраў.

Для лукашысцкай Беларусі выкупы сталі звычайнай практыкай. Больш за ўсё за выхад, як мяркуецца, некалі заплаціў уласнік «Сэрвалюкса» Яўген Баскін. Там двухзначная лічба, 35 мільёнаў даляраў.

Накладзеныя штрафы пахіснулі і без таго нестабільную фінансавую сітуацыю ў кампаніі, мяркуюць суразмоўцы «Нашай Нівы», якія прадракаюць «Ромаксу», калі не здарыцца цуду, банкруцтва ў перспектыве шасці месяцаў.

«Рамук заўсёды больш думаў пра маштабаванне, чым пра якасць кіравання. Скажам шчыра, што мэнэджмэнт у яго заўсёды быў бесталковы, але недагляды ў фінансавай мадэлі і кіраванні надта не выяўляліся, пакуль рынак пёр», – мяркуе адзін з нашых суразмоўцаў, чыя кампанія – адзін з контрагентаў «Ромакса».

«Каб зразумець, наколькі гэта быў салодкі бізнэс і якую зорку ён злавіў, можна параўнаць кошты аднолькавых мыйных ці гігіенічных сродкаў за мяжой і ў Беларусі. Ну, і любая гаспадыня, вядома, імкнецца карыстацца імпартам, бо мяркуецца, што ён і лепшы, і на даўжэй выстачае», – кажа іншы суразмоўца.

«У выніку злавіўшы зорку на рытэйле хіміі, ім пачало здавацца, што ўсё ў Беларусі так працуе. Толькі бяры і прадавай. Яны ўлезлі ў прадукты, алкаголь і, што самае страшнае, у фармацэўтыку. І тут пад усе ягоныя планы яму 713-ы ўказ – на!

Скарачэнне пакупніцкай здольнасці, рост кошту імпарту праз падзенне рубля, абмежаванне максімальнай нацэнкі паводле 713-га ўказу, падаражанне крэдытаў, выплата абавязальніцтваў у крымінальнай справе. Тут проста ўсё супраць яго згуляла, ну, і гігантаманія загубіла – у такіх умовах іх бізнэс-планы не сыходзяцца з самымі песімістычнымі прагнозамі для акупляльнасці. Цяпер ужо ясна, што трэба было думаць пра якасць, а не пра рост», – дае ацэнку адзін з беларускіх банкіраў.

«Востраў чысціні» не тое што вельмі закрэдытаваны, але ў яго і вельмі шырокі партфель. Там больш за 10 крэдытораў. А ўявіць, што 10 беларускіх банкаў збяруцца за адным сталом, каб дамовіцца і выратаваць кампанію… не, такое малаверагодна. Пакуль кожны спрабуе дастаць сваё з яшчэ жывой кампаніі, разумеючы, што праз паўгода там будзе банкруцтва і ты станеш у чаргу крэдытораў, у якой будзеш і не першым, і не другім. Вось тады ўжо яны будуць дамаўляцца, можа быць, а пакуль гэта нікому не трэба», – дадаў іншы банкір, знаёмы з сітуацыяй.

Некаторыя ўдзельнікі рынку і банкіры сыходзяцца ў меркаванні, што варта чакаць банкруцтва «Ромакса» ў перспектыве шасці месяцаў. Калі не здарыцца цуду.

Нагадаем, нядаўна ў Беларусі загінула сетка крамаў «Хатняя». З вялікімі намаганнямі і стратамі з крызісу спрабуе выкараскацца «Віталюр», абапіраючыся на цікавасць канкурэнта – «Санты», якая паўдзельнічала ў выратаванні сеткі пазыкамі і арэндай плошчаў.

«Хто дасць грошай “Ромаксу”, не зусім ясна, таму што той, каму б у тэорыі магло быць цікава – іншы рытэйл, – сам сутыкаецца з тымі ж праблемамі, што і Рамук. У каго больш праблемаў, у каго менш. Частка кампаній сапраўды трымаецца толькі на найлепшай фінансавай мадэлі і старых запасах. І пашырацца сёння рызыкоўна.

У тое, што дапамогуць расейцы, я не веру, там няма дурняў лезці на спецыфічны рынак пад 713. Указ, калі гэта не схема, як з Wildberries.

Ну, і ў «Ромакса» складаная структура бізнэсу, там шмат кірункаў: вытворчасць, рытэйл, імпарт. Усё аформлена на розных людзей, усё як бы паасобку, як з гэтым разбірацца знешняму гульцу, мне асабіста незразумела», – кажа суразмоўца «Нашай Нівы».

Група кампаній Рамука – адна з найбольшых прыватных працадаўцаў Беларусі, у ёй працуюць 7000 чалавек, таму напружаная фінансавая сітуацыя выклікае ў людзей трывогу.

«Давядзецца шукаць іншую працу. А дзе шукаць?» – хвалюецца адна з прадаўшчыцаў.

Ці стане пасля смерці «Ромакса» бытавая хімія ў Беларусі таннейшай?

«Не. Вялікая канкурэнцыя гэта заўсёды лепш, чым яе адсутнасць. У нейкім невялікім горадзе дзве крамы, умоўна “Міла” і “Востраў чысціні”. Яны яшчэ неяк паміж сабой бадаюцца, зніжкі робяць, спрабуюць недзе знізіць кошт у параўнанні з канкурэнтам. Калі гэтага не стане, людзі пачнуць плаціць яшчэ болей. Усё проста», – рэзюмаваў суразмоўца «Нашай Нівы».

Апошнія навіны