Дроны масава атакавалі Смаленск, Шабекіна і аэрапорт у Сочы
- 1.10.2023, 9:48
У аэрапорце «Адлер» затрыманае адпраўленне больш за 10 рэйсаў.
У Расеі паведамілі пра масавы напад беспілотнікаў у Смаленску, Белгародскай вобласці і Краснадарскім краі, паведамляе ВВС.
Смаленск атакавалі тры беспілотнікі, паведаміў раніцай у нядзелю губернатар рэгіёну Васіль Анохін. Паводле ягоных звестак, усе дроны былі «прыгнечаныя» сродкамі СПА і радыёэлектроннай барацьбы.
Але пры гэтым жыхары Смаленска паведамляюць пра гукі выбухаў у горадзе. Асабліва гучна было ў Задняпроўскім раёне.
Расейскае Мінабароны заявіла таксама пра знішчэнне сродкамі СПА беспілотніка над Краснадарскім краем. У аэрапорце Сочы затрыманае адпраўленне больш як 10 рэйсаў.
Пазней стала вядома, што на тэрыторыі міжнароднага аэрапорта Сочы «Адлер» адбылося падзенне БПЛА.
Гучны выбух і невялікі слуп дыму былі заўважаныя жыхарамі Адлерскага раёна Сочы. На месцы працуюць праваахоўныя органы.
Як паведамляецца, усе рэйсы ў аэрапорце прыпыненыя, самалёты перанакіроўваюць на іншы аэрадром.
У Шабекіне Белгарадскай вобласці РФ таксама абвешчаная паветраная трывога, мясцовыя жыхары паведамляюць пра выбухі.