BE RU EN

Вайсковы экспэрт: Гэтым разам Лукашэнка можа не блефаваць

  • 19.10.2023, 14:58

Ці з’явілася расейская ядзерная зброя ў Беларусі?

Wall Street Journal паказаў спадарожнікавыя здымкі магчымага сховішча расейскіх ядзерных боегаловак у Беларусі. Ці сапраўды расейская ядзерная зброя можа знаходзіцца на беларускай тэрыторыі?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з судырэктарам праграм замежнай палітыкі і міжнароднай бяспекі Цэнтра Разумкова, першым памочнікам міністра абароны Украіны (2005-2008), вайсковым экспэртам Аляксеем Мельнікам:

- Надзейнага пацвярджэння знаходжання гэтых ядзерных боепрыпасаў на тэрыторыі Беларусі з незалежных крыніц не было. Гэта той аб'ект або тавар, які немагчыма перамясціць незаўважаным для выведак.

Іншае пытанне ў тым, што калі яны такія перамяшчэнні фіксавалі, то не абавязкова агучылі ў публічнай прасторы. Сам факт падрыхтоўкі сховішчаў не можа не выклікаць асцярогі.

У вайсковых справах часта звяртаюцца да нейкай імітацыі, але сховішча ядзерных боепрыпасаў - гэта капітальны аб'ект. Акрамя 2-3 ліній агароджы, гэта яшчэ і вельмі сур'ёзныя інжынерныя падземныя збудаванні. Гаворка ідзе пра сур'ёзныя капіталаўкладанні.

Пры эканамічных праблемах самой Беларусі, не думаю, што Лукашэнка пойдзе на такія бюджэтныя ўліванні дзеля таго, каб кагосьці ўвесці ў зман.

- Лукашэнка пры кожнай зручнай магчымасці пагражае «ядзернай зброяй» Захаду. Наколькі гэтая пагроза рэальная?

- На сёння ўсе пагрозы, якія гучаць з вуснаў Лукашэнкі, суцэльны блеф. Па-першае, сумнеўна, што такая зброя на тэрыторыі Беларусі ўсё ж такі ёсць. Па-другое, нават у выпадку размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі, Лукашэнка не будзе дапушчаны да прыняцця пастановы аб яе выкарыстанні.

Не тое, каб Крэмль скрупулёзна прытрымліваўся міжнародных рэжымаў аб нераспаўсюджанні, проста Лукашэнку ніхто такога права не дасць. Гэта, хутчэй, з серыі асабістых стасункаў.

З разраду вельмі-вельмі гіпатэтычнага, калі Пуцін, не дай Бог, наважыцца на такі крок, як выкарыстанне тактычнай зброі, то тут акурат Лукашэнка можа адыграць сваю ролю. Гэта можа быць зроблена ягонымі рукамі ці пададзена так, нібыта гэта зрабіў Лукашэнка. У такім выпадку зразумела, што гэта ўжо невялікая ядзерная вайна.

Увогуле, мы з вамі і надалей можам развіваць гэтую канспіралогію. У іншыя часы, пры іншых кіраўніках Расеі, можна было б з упэўненасцю сказаць, што гэта немагчыма. Але досвед нас навучыў, што ў выпадку з Расеяй нельга выключаць ніякіх самых абсурдных пастаноў. Нават контрпрадуктыўных для самой Расеі. Калектыўны Пуцін прадэманстраваў ужо дастаткова шмат крокаў для таго, каб прыйсці да такой высновы.

Апошнія навіны