Уолес: Пачалася бітва за Крым
- 2.10.2023, 20:04
Расейскае войска трашчыць.
Былы міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес заявіў, што цяпер можна назіраць пачатак бітвы за часова акупаваны Крым, і Захад павінен дапамагчы Украіне закончыць гэтую вайну. Пра гэта ён напісаў у калонцы для The Telegraph.
Уолес назваў паспяховым контрнаступ УСУ: «Павольна, але ўпэўнена Узброеныя сілы Украіны прарываюць расейскія пазіцыі. Часам двор за дваром, часам сяло за сялом, Украіна мае імпульс і рухаецца наперад».
Ён падкрэсліў, што ўкраінскія сілы выкарыстоўваюць супраць акупантаў у тым ліку брытанскую зброю і паказнікі поспеху «нашмат пераўзыходзяць усе чаканні».
«Калі надзея спалучаецца з правільным абсталяваннем, Украіну ўжо не спыніць. Наш абавязак – падтрымліваць гэтую надзею і падмацоўваць яе фінансаваннем і абсталяваннем, пакуль праца не будзе закончаная …> У нас ёсць шанец дапамагчы скончыць гэта. Расейскае войска трашчыць. Украіна асвоіла новую тактыку пераадолення жахлівых мінных палёў, а ўдары Storm Shadow разбураюць расейскія штабы. Мы з'яўляемся сведкамі пачатку бітвы за Крым», – заявіў Уолес.
Ён заклікаў даць Украіне падтрымку, неабходную для таго, каб давесці гэтую вайну да канца.
«У гэтай вайне можна перамагчы. Пуцін церпіць няўдачу …> Рамантызм, эгаізм і помста прымусілі Пуціна ўварвацца ва Украіну, і гэта будзе ягонай гібеллю. Ягонае войска страціла больш за 2500 танкаў, 6500 бронемашынаў і амаль 300 000 чалавек забітымі ці параненымі. Ніводнага камандзіра, які вёў асноўныя расейскія падраздзяленні ва Украіну, ужо не засталося на месцы», – заявіў Уолес.
Ён мяркуе, што Пуцін цяпер «адчайна чапляецца за дзве апошнія рэчы, якія могуць яго выратаваць», – час і раскол міжнароднай супольнасці.
«Мы павінны дапамагчы Украіне захаваць набраны тэмп, а для гэтага спатрэбіцца больш боепрыпасаў, ATACMS і Storm Shadows. І найлепшы спосаб захаваць адзінства міжнароднай супольнасці – гэта дэманстрацыя поспеху», – заявіў экс-міністр абароны Брытаніі.