Раман Світан: Налета расейскае войска на тэрыторыі Украіны будзе разбітае
- 25.10.2023, 16:38
Для ўкраінцаў беларускі народ застаецца брацкім.
Украінскі вайсковы эксперт, палкоўнік запасу УСУ Раман Світан у інтэрв'ю «Салiдарнасцi» распавёў, якой украінцы бачаць будучыню Беларусі.
ДАВЕДКА
Раман Рыгоравіч Світан нарадзіўся ў 1964 годзе ў Макееўцы (Данецкая вобласць). У 1985 годзе з адзнакай скончыў Чарнігаўскую вышэйшую вайсковую авіяцыйную вучэльню.
У 2014 годзе на Данбасе патрапіў у палон, зазнаў катаванні. Быў вызвалены ў межах абмену. Пасля працаваў дарадцам кіраўніка Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання як вайсковы эксперт супрацоўнічае з шэрагам украінскіх СМІ.
- Раман Рыгоравіч, што цяпер з сябе ўяўляе групоўка расейскіх войскаў у Беларусі з інфармацыі ўкраінскага боку і наколькі яна небяспечная для Украіны?
- Ідзе ратацыя расейскіх войскаў. Там [у Беларусі] знаходзіцца групоўка недзе блізу дзвюх тысяч. Большасць расейскіх войскаў выведзеная. У асноўным у бок Купянска.
Раней [у Беларусі] была групоўка амаль 10 тысяч. І [яна размяшчалася] у такім - ратацыйным рэжыме, па беларускіх частках; там, дзе расейцы кантралююць балістычныя ракеты; авіяцыйная кампанента. Па роце, па батальёне. Гэта больш суправаджальныя войскі, яны не з'яўляюцца войскамі ў чыстым выглядзе, каб выконваць баявыя задачы цалкам.
Таму цяпер на іх рэакцыі ніякай няма, гэта не складае ніякай праблемы для ўкраінскіх войскаў. У Беларусі шмат расейскай вайсковай тэхнікі, асабліва на аэрадромах. Усё гэта трэба абслугоўваць.
- У першыя дні ляцелі ракеты з тэрыторыі Беларусі. Цяпер - сапраўды не?
- Цяпер - сапраўды не. Беларускія ўзброеныя сілы ўбудаваныя ў агульную сістэму кіравання ўзброеных сіл т.зв. «саюзнай дзяржавы». Яны пад поўным кантролем генштаба ўзброеных сіл Расеі. Таму яны ў прынцыпе на ўпраўленні, але ў баявых дзеяннях не ўдзельнічаюць - гэта дакладна.
Можа быць, удзельнічаюць у выведвальных аперацыях з дапамогай тэхнікі. У асноўным гэта так званыя радыётэхнічныя войскі. Ізноў жа: практычна ўся інфраструктура беларускага войска - гэта частка расейскага войска.
Адзінае, Лукашэнка не даў дазволу на выкарыстанне беларускага войска непасрэдна ў баявых задачах.
– Як цяпер украінцы ўспрымаюць Беларусь? Як ворага? Нейтральную дзяржаву?
- Беларускі народ не падтрымаў агрэсію супраць Украіны. Таму для нас, украінцаў, беларускі народ застаецца суседскім, брацкім. Не ўспрымаем мы мірных беларусаў і народ агулам як ворагаў. Гэта нашыя сябры.
Я мяркую, што рэжым Лукашэнкі - гэта акупацыйны расейскі рэжым, які захапіў краіну, і ён павінен быць зрынуты народам Беларусі. Менавіта самімі беларусамі. Потым будзе абраны новы ўрад, з якім Украіна наладзіць нармальныя стасункі. Гэта мая пазіцыя як вайсковага аглядальніка.
- Як вайсковы эксперт, што вы думаеце аб перспектывах стварэння «пояса бяспекі» ад Балтыкі да Чорнага мора, аб якім даўно ішла гаворка, яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання?
- Гэта аптымальны варыянт для захавання еўрапейскай цывілізацыі, утрымання лініі абароны. Таму што Беларусь - гэта такі балкон на гэты момант, якім карыстаецца Расея, каб зайсці і нагадзіць Еўропе.
А вось калі яго зразаць, калі Беларусь пойдзе дэмакратычным шляхам - уступленне ў NATO, у Еўразвяз... Беларусы - разумны і працавіты народ. Яны вельмі хутка інтэгруюцца ў еўрапейскія сістэмы. Выраўнаваць лінію фронту з Расеяй ад краін Балтыі да Украіны - аптымальны варыянт.
- Думаю, беларусаў у гэтым моцна палохае слова «фронт».
- Беларусам проста трэба тлумачыць, які фронт. Фронт паміж Беларуссю, Еўразвязам і NATO – з аднаго боку, і супраць Расеі; або ў саюзнай дзяржаве з Расеяй - супраць Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Які з гэтых франтоў для беларусаў больш прымальны.
З пункту гледжання вайсковага эксперта, чым карацейшы фронт, тым лепш. Таму аптымальна, каб ён праходзіў па ўсходняй мяжы Беларусі і Расеі. Калі гэтага не будзе, то фронт будзе праходзіць па паўночнай, заходняй і паўднёвай граніцы Беларусі. Гэта амаль дзве тысячы кіламетраў. Вось і ўсё.
Або тысяча кіламетраў фронту з Расеяй, або дзве тысячы кіламетраў фронту з Еўропай. Гэта няхай беларусы думаюць, ім лепш відаць.
- Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі? Вы дапускаеце, што такое магчыма?
- Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі пачнуцца толькі ў тым выпадку, калі Лукашэнка раптам або сам прыме пастанову, або яго прымусяць - прадставіць тэрыторыю краіны для выкарыстання ўсякага тыпу элементаў, якія паражаюць і запускаюцца ў бок Украіны.
Тады будзе сур'ёзны адказ па ўсім вайскова-прамысловым комплексе Беларусі з дапамогай далёкіх сродкаў паражэння. Якія ў нас ужо ёсць і якімі мы цяпер па Крыме «працуем». Яны за некалькі дзён будуць развернутыя ў бок Беларусі. І за некалькі дзён эканоміка Беларусі будзе выключаная, як святло ў лазні. Разам з вайсковымі аб'ектамі.
Разумеючы гэта, Лукашэнка на такія дзеянні не пойдзе. Ён жа разумее, што да Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, які з'яўляецца легальнай вайсковай цэллю, 50 кіламетраў лёту. Адзін залп «смерчаў» ці «ураганаў» адмінусуе ў яго палову магутнасцяў па вытворчасці паліва (другі буйны НПЗ Беларусі знаходзіцца ў Наваполацку - заўв.).
Гэта спыніць беларускую эканоміку. Ёсць такія месцы, на якія можна націснуць, і выключыцца ўсё.
– Што вам вядома пра ядзерную зброю Беларусі?
- Пацверджанай інфармацыі аб перадачы ядзернай зброі Беларусі няма. Ёсць толькі нейкія заявы ў інфармацыйнай плыні - не больш за тое. Таму пакуль для нас Беларусь - не ядзерная дзяржава.
- Але яна можа з'явіцца?
- Яна можа з'явіцца дзе заўгодна. Але пакуль я не думаю, што Пуцін на гэта пойдзе і перадасць [ядзерную зброю] Лукашэнку. Таму што Лукашэнка адразу ж стане другім Кім Чэн Ынам. І тады Пуціну давядзецца і да Лукашэнкі на паклон ісці.
Таму я думаю, што гэта качка для інфармацыйных атак. Ну ніхто не стане даваць свайму «сябру» механізм, які можа перавесці яго ў стан «ворага». Таму я не думаю, што Лукашэнка калісьці ў жыцці атрымае ядзерную кнопку.
- Які лёс чакае Беларусь, калі раптам Украіна не зможа перамагчы свайго ворага?
- У нас няма іншых варыянтаў. Калі Украіна не пераможа расейскае войска, то тады Украіна перастане існаваць як дзяржава. А гэта нерэальна цяпер. Еўропа і ЗША гэтага не могуць дапусціць, таму такі варыянт нават не разглядаецца.
Я ўпэўнены, што налета расейскае войска на тэрыторыі Украіны будзе разбітае. Далей расейская імперыя пачне руйнавацца. Пойдзе Каўказ, потым Татарстан, Башкартастан, і далей - бураты, якуты, Далёкі Усход.
А тое, што застанецца ад Расеі, не зможа ўплываць на Беларусь. Не будзе сіл. Беларусы змогуць самі вызначаць свой лёс.
- Афіцыйных стасункаў у Беларусі і Украіны цяпер практычна няма. Але ці маюць стасункі паміж сабой украінскія і беларускія вайскоўцы? Ці захоўваюцца гарызантальныя сувязі?
- Адназначна сувязі ёсць. Я таму і кажу, што беларускае войска не будзе ваяваць з Украінай. Упэўненасць - 100%. Лукашэнка таму і не дае ні тэрыторыю, ні войска, бо разумее, што штыкі могуць быць павернутыя супраць яго. Ёсць і сувязі, і бачанне працэсаў.
З беларусамі, нарэшце, будзе тое ж самае, што і з малдаванамі, і з грузінамі. Пасля таго, як Украіна знішчыць расейскае войска на сваёй тэрыторыі, тым будзе нашмат прасцей развязаць пытанні з непрызнанымі рэспублікамі (Паўднёвая Асеція, Абхазія, Прыднястроўе - заўв.).
А акупацыйны рэжым Лукашэнкі не ўтрымаецца, бо надта шмат беларусаў ад яго пацярпела. Тысячы рэпрэсаваных - такое не забываецца.