Сталі вядомыя лаўрэаты Нобелеўскай прэміі ў фізіцы
- 3.10.2023, 14:01
Яе прысудзілі за вывучэнне электронаў і прыроды святла.
Нобелеўская прэмія ў галіне фізікі 2023 года прысуджаная франка-амерыканцу П'еру Агасціні, вугорска-аўстрыйскаму навукоўцу Ферэнцу Краўсу і французскай даследчыцы Эн Л’Юілье. Аб гэтым абвясціла Швэдская каралеўская акадэмія навук.
Прэмія прысуджаная за «за эксперыментальныя метады, якія прадукуюць атасекундныя светлавыя імпульсы для вывучэння руху электронаў у матэрыі».
«Атасекундная фізіка дае нам магчымасць зразумець механізмы, якія кіруюць электронамі. Наступным крокам будзе іх выкарыстанне», - заявіла старшыня Нобелеўскага камітэта ў фізіцы Ева Олсан.
Нагадаем, летась Нобелеўскую прэмію ў галіне фізікі атрымалі француз Ален Аспэ, амерыканец Джон Клаўзер і аўстрыец Антон Цайлінгер за іх даследаванні ў галіне квантавай фізікі, а менавіта «эксперыменты з заблытанымі фатонамі, устанаўленне парушэння няроўнасцей Бэла і наватарскую квантавую інфарматыку».