BE RU EN

Як найлепшы беларускі трэнер пераехаў у Расею і стаў амаль нікім

  • 3.10.2023, 21:35

Ганчарэнка ўважаўся за аднаго з самых перспектыўных футбольных спецыялістаў у Еўропе.

На выходных у чэмпіянаце Расеі ў футболе адбыўся скандал, у сувязі з якім ізноў прыгадалі найлепшага беларускага футбольнага трэнера.

Пасля таго як «Урал» павёў у ліку ў матчы з «Растовам» 2:0, суддзя прызначыў памылковы пенальці ў браму першай каманды, а потым несправядліва выдаліў яе гульца – так паядынак закончыўся ўнічыю 2:2.

Знерваваны і абураны такім судзействам галоўны трэнер «Урала» Віктар Ганчарэнка ў адказ на пытанні на флэш-інтэрв'ю і прэс-канферэнцыі проста маўчаў. Такім чынам ён выказаў свой пратэст: у выпадку нявыхаду да журналістаў спецыялісту пагражаў бы штраф.

UDF расказвае на прыкладзе найлепшага беларускага трэнера, што Расея робіць з людзьмі, якія з'ехалі туды на працу: як Віктар Ганчарэнка з перспектыўнага спецыяліста стаў у РФ амаль нікім.

У якім статусе Ганчарэнка ехаў на працу ў Расею

Нараджэнец Хойнікаў ужо ў маладосці стаў трэнерам-сенсацыяй. У 30 гадоў ён заняў пасаду галоўнага трэнера барысаўскага БАТЭ, а ўжо менш чым праз год вывеў амаль невядомую ў Еўропе каманду ў групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў – упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі.

Акрамя таго, на той момант Ганчарэнка стаў самым маладым галоўным трэнерам у гісторыі Лігі чэмпіёнаў.

Усяго трэнер выводзіў БАТЭ ў групу ЛЧ тройчы: каманда з правінцыйнага беларускага горада абгуляла там «Баварыю» і «Рому», згуляла ўнічыю з «Ювентусам» і «Міланам».

Ганчарэнка ўважаўся за аднаго з самых перспектыўных трэнераў у Еўропе, бо адрозніваўся прагрэсіўнымі поглядамі не толькі ў футбольнай справе, але і жыцці. Калі ў 2013 годзе, у 36 гадоў, трэнер скіраваўся скараць Расею (паводле інфармацыі СМІ «Кубань» прапанавала яму заробак мільён даляраў на год), здавалася, што гэта толькі прыступка перад кар'ерай у галоўных заходніх лігах.

Да чаго прыйшоў Ганчарэнка за 10 гадоў працы ў РФ

За мінулы перыяд беларускі трэнер змяніў шэраг камандаў. З аднаго боку, амаль усюды ён паказваў добры спартовы вынік, з іншага – пры гэтым сутыкаўся з жорсткай расейскай рэчаіснасцю.

З «Кубані» і «Краснадара» Ганчарэнку звольніла праз наравістасць кіраўніцтва, якое наплявала на спартовыя вынікі каманды. З «Урала» трэнер сышоў сам – хадзілі чуткі, што кіраўнік клуба прасіў яго «здаць» матч.

У ЦСКА, адзіным топавым клубе, куды запрасілі Ганчарэнку, ён займаў з камандай другое месца, але заўзятары-максімалісты трэнерам засталіся незадаволеныя.

У выніку ў канцы 2022 года Ганчарэнка вярнуўся ў клуб-сярэдняк, які некалі пакінуў сам – «Урал». І, як відаць з свежага судзейскага скандалу, аўтарытэту ў Расеі, нягледзячы на годныя спартовыя вынікі, у яго амаль не засталося.

У мінулым Ганчарэнка расказваў, што спрабаваў вучыць ангельскую, але на вучобу не ставала часу. Верагодна, за мінулыя гады ён свае веды так і не палепшыў. Замест таго каб пачаць рабіць кар'еру ў Еўропе, з'ехаўшы на працу ў Польшчу, Чэхію, Вугоршчыну ці іншую краіну, трэнер з нейкіх прычынаў прадаўжае варыцца ва ўнутраным расейскім катле – клубы з РФ адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў.

Але знаходзячыся ў Расеі, Ганчарэнка дэградуе не толькі як спецыяліст, але і як асоба. Раней чалавек з прагрэсіўнымі поглядамі, які не баяўся выказвацца на тую ці іншую тэму, цяпер аддае перавагу адмоўчванню.

У 2020 годзе Ганчарэнка заявіў пра сітуацыю ў Беларусі:

«Мяркую, тое, што адбываецца, недапушчальнае. Рэзка супраць таго, каб білі наш мірны, цудоўны беларускі народ. Міліцыя, АМАП і войска павінныя абараняць народ, а не збіваць яго. Падтрымліваю патрабаванні сумленнага падліку галасоў на выбарах. Паспрабаваў прагаласаваць на ўчастку ў амбасадзе Беларусі ў Маскве, але чаканне ў чарзе вельмі задоўжылася. Людзі стаялі пяць, шэсць, нават сем гадзінаў! І ў выніку ўсё роўна не траплялі на ўчастак, і я таксама не патрапіў. Такое ўражанне, што чаргу нехта штучна стрымліваў, каб не ўсе прагаласавалі».

Але за тры мінулыя гады Ганчарэнка больш на тэму гуманітарнай катастрофы ў Беларусі не выказваўся. А на тэму вайны Расеі супраць Украіны зрабіў толькі адну заяву і вельмі абцякальную.

«Не магу ўявіць, што мы ўсе можам быць ворагамі з украінскім народам, з беларускім. Для мяне гэта ненармальна. Я ж добра памятаю СССР», – сказаў трэнер, дадаўшы, што больш за ўсё яму хочацца, «каб сітуацыя ў свеце стала лепшай, каб усё скончылася, таму што людзі гінуць».

Апошнія навіны