Пуцін пакрыўдзіўся на Арменію
- 3.10.2023, 21:45
Расея абвесціла Ерэвану эканамічную вайну пасля ратыфікацыі Рымскага статута.
Расейскія ўлады ўзмацняюць эканамічны ціск на Арменію, якая імкнецца разарваць вайсковыя сувязі з Крамлём, а ў аўторак далучылася да Міжнароднага крымінальнага суда і будзе абавязаная арыштаваць прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, калі той наведае краіну з візітам.
Аўтаперавознікі, якія транспартуюць грузы з Арменіі ў Расею, сутыкаюцца з масавымі праблемамі на мяжы, паведаміў міністр эканомікі краіны Ваан Керабян, піша The Moscow Times.
Паводле ягоных словаў, расейскі бок тлумачыць тое, што адбываецца, праверкамі якасці каньяку, які пастаўляецца ў РФ. У выніку на КПП Верхні Ларс, адзіным дзейным пункце пропуску на грузіна-расейскай мяжы, назбіраліся дзясяткі грузавікоў.
Гандлёвы аташэ амбасады Арменіі ў Расеі Ваан Акапян ацаніў памер затору на 60 машынаў. Паводле ягоных словаў, велікагрузы чакаюць заканчэння экспертызы якасці.
Праблемы на мяжы ў пастаўшчыкоў армянскага каньяку маглі ўзнікнуць праз прэтэнзіі Расалкагольрэгулявання. Перасцярогу за подпісам намесніцы кіраўніка ўстановы Алены Афанасьенкі апублікаваў раней экс-намеснік старшыні ЦБ РФ, а цяпер старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута Брукінгса Сяргей Аляксашанка.
У дакуменце, сярод іншага, гаворыцца пра неабходнасць спыніць абарот і куплю каньяку трох марак – "Армянскі каньяк АВЗ", Армянская моц вытрымка 8 гадоў" і "Армянскі каньяк 5 гадоў". У гэтых напоях экспертыза выявіла араматызатары, фенольныя злучэнні, а таксама спірты "няканьячнага паходжання", гаворыцца ў дакуменце.
Праблемы ў пастаўшчыкоў каньяку ўзніклі на фоне ратыфікацыі Арменіяй Рымскага статута – асноўнага дакумента, які рэгламентуе працу міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, што ў сакавіку выдаў ордар на арышт Пуціна.
3 кастрычніка Арменія стала 124-й краінай свету, якая далучылася да МУС. Раней прэм'ер краіны Нікол Пашынян паведаміў, што пастанова была прынятая для расследавання падзей у Нагорным Карабаху. Удзел суда ў Гаазе істотна ўзмоцніць бяспеку Арменіі, "калі АДКБ не выканала і не выконвае свае абавязальніцтвы", падкрэсліў Пашынян.
Расейскі МЗС на мінулым тыдні назваў варожай і "таксічнай" пастанову Ерэвана пра Рымскі статут, а таксама паведаміў, што Арменію папярэджвалі праз дыпканалы: далучэнне да МУС "непрымальнае" ва ўмовах, калі суд выдаў ордар на Пуціна.
У Маскве прадаўжаюць уважаць Арменію за партнёрку і хаўрусніцу, заявіў у аўторак прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў. Ён дадаў, што ордар МУС расейскія ўлады называюць "нікчэмным" і "незаконным".