Фяльшцінскі: Пасля гэтай пастановы вайна прадоўжыцца два тыдні
- 4.10.2023, 18:40
Дастаткова перадаць Украіне наступальную зброю і зняць абмежаванні для ўдараў па РФ.
Вайна Расеі супраць Украіны можа скончыцца праз два тыдні, калі Захад перадасць украінскаму войску наступальнае ўзбраенне і не будзе абмяжоўваць яго выкарыстанне. Такое меркаванне ў інтэрв'ю галоўнай рэдактарцы выдання «ГОРДОН» Алесі Бацман выказаў амерыканскі гісторык расейскага паходжання Юрый Фяльшцінскі.
«Я мяркую абсалютна шчыра - і апошняя атака па Севастопалі мяне пераканала яшчэ больш, - што гэтая вайна скончыцца праз два тыдні пасля таго, як Украіне дадуць наступальныя тыпы ўзбраенняў і знімуць з Украіны абмежаванні па невыкарыстанні гэтай зброі для ўдараў па Расейскай Федэрацыі. А далей [...] гэтыя ўдары трэба наносіць па Маскве і выключна па Маскве, бо правінцыя наогул не хвалюе нікога, Расея - краіна аднаго горада», - сказаў ён.
Гісторык мяркуе, што адзіная прычына, з якой Захад не перадае Украіне наступальнае ўзбраенне і не дазваляе ўдары па расейскай тэрыторыі - рызыка ядзернай вайны.
«Амерыканцы звязваюць Украіне рукі, бо яны зыходзяць са здагадкі, што, хто ведае, калі Украіна пачне перамагаць у гэтай вайне - можа, тады Расея сапраўды стане на шлях ядзернай канфрантацыі, бо быццам бы іншага выхаду ў яе і няма. І другі варыянт. Распадзецца Расея, і будзе замест адной Расеі 20 розных дзяржаў. Усе займеюць ядзерную зброю, і «ў нас будзе такі галаўны боль», - мяркуе Фяльшцінскі.
З яго слоў, абсурднай з'яўляецца пастаноўка пытання перадаць украінскаму войску зброю і не выкарыстоўваць яе ў тым ліку на тэрыторыі ворага.
«Нельга было перамагчы ў вайне супраць гітлераўскай Германіі, не наносячы ўдары па тэрыторыі Германіі», - прывёў прыклад гісторык.