BE RU EN

ХАМАС выпусціў больш за пяць тысяч ракет па Ізраілі

  • 7.10.2023, 14:21

Адначасова баевікі праніклі ў селішчы на тэрыторыі дзяржавы.

Больш за 5 тысяч ракет былі выпушчаны ў бок Ізраілю з боку Сектара Газа. На поўдні краіны сцвярджаюць аб сутыкненні войска з баевікамі.

Пра гэта паведамляюць ізраільскія СМІ.

Ракетны абстрэл пачаўся з некалькіх месцаў у Газе а 07:30 паводле менскага часу і доўжыўся амаль паўгадзіны. Сірэны паветранай трывогі былі чутныя нават у Тэль-Авіве.

У выніку прамога пацэльвання ракеты ў будынак, у Тэль-Авіве пачаўся пажар. На відэа зафіксаваны істотныя разбурэнні з прычыны тэрарыстычнага нападу.

Мясцовыя агенцтвы Ізраілю паведамляюць пра цяжкія раненні ў выніку абстрэлу ў 70-гадовай жанчыны. Адна з ракет пацэліла ў будынак на поўдні краіны. У іншым месцы аскепкавыя раненні атрымаў 20-гадовы хлопец.

Жыхары Газы таксама сцвярджаюць пра баявыя сутыкненні ўздоўж размежавальнай агароджы з Ізраілем, паблізу горада Хан-Юніс. Таксама бачылі значнае перамяшчэнне ўзброеных палестынскіх баевікоў.

Акрамя таго, узброеныя тэрарысты ХАМАС праніклі на тэрыторыю Ізраілю і ўчынілі хаатычны абстрэл з кулямётаў.

Офіс прэм'ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нетаньяху заявіў аб сустрэчы з вышэйшымі службовымі асобамі службы бяспекі ў найбліжэйшыя гадзіны.

Міністр абароны Ізраілю абвесціў аб шырокім закліку рэзервістаў.

У сваю чаргу войска Ізраілю пачало наносіць авіяўдары па Палестыне.

Міністр абароны Ізраілю Ёаў Галант абвясціў надзвычайную сітуацыю ў радыусе 80 кіламетраў ад сектара Газа. У гэтую тэрыторыю ўваходзяць буйныя гарады Тэль-Авіў і Беэр-Шэва. Такое распараджэнне дазваляе вайскоўцам абмяжоўваць зборы людзей і зачыняць тэрыторыі для іх перасоўвання.

Войска абароны Ізраілю апублікавала карту, на якой бачна, якія тэрыторыі найбольш пацярпелі ад масіраванага ракетнага абстрэлу. Таксама ў ведамстве заявілі, што гатовы да супрацьстаяння з тэрарыстамі. Таксама пацвярджаецца, што тэрарысты праніклі ў Ізраіль з сектара Газы. Жыхароў Ізраілю папрасілі заставацца ў сваіх дамах.

На 9:30 сцвярджалася, што бесперапынны ракетны абстрэл вядзецца ўжо больш за дзве гадзіны. Тэрарыстычныя групоўкі ХАМАС праніклі праз мяжу як мінімум у адзін горад на поўдні краіны. Тэрарысты спрабуюць прарвацца на тэрыторыю Ізраілю з дапамогай парашутаў, лодак і наземнай тэхнікі.

Паведамляецца, што палестынскія баевікі пачалі адкрываць агонь па мірных жыхарах. У выніку тэрактаў колькасць ахвяр расце. Ізраільскія СМІ публікуюць кадры, на якіх бачна забітыя цывільныя грамадзяне.

Апошнія навіны