«Беларусы прагоняць няўдалых актораў абрыдлага вадэвіля»
- 21.11.2023, 12:07
Чаму ўлады спалохаліся Дуніна-Марцінкевіча?
Чытач сайта Charter97.org з Пінска пракаментаваў нападкі лукашэнкаўскага рэжыму на класікаў беларускай літаратуры:
- Гэтым разам вызначыўся чамусьці Жыткавіцкі раённы суд, які ў “экстрэмісцкія матэрыялы” запісаў збор твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў 2 тамах. Калі раней экстрэмісцкай абвяшчалі прадукцыю прыватных выдавецтваў, дык тут пад забарону трапіла выданне дзяржаўнай “Мастацкай літаратуры”.
І што ж хаця такога небяспечнага для рэжыму маглі ўгледзець жыткавіцкія так званыя суддзі ў літаратурных творах 19-га стагоддзя? Прапаную пагартаць самы славуты твор класіка, вядомы кожнаму беларусу, што вучыўся ў сярэдняй школе.
Дзея камедыі “Пінская шляхта” адбываецца акурат у нашым палескім рэгіёне і апісвае падзеі пасля задушэння паўстання Каліноўскага. Тады расейскія акупацыйныя ўлады ладзілі жорсткія рэпрэсіі не толькі супраць удзельнікаў паўстання, але супраць усіх, хто іх падтрымліваў і нават проста спачуваў.
Галоўны герой п’есы – расейскі паліцыянт Кручкоў, які прыехаў на разбор здарэння – бойкі паміж пінскімі шляхціцамі. Кручкоў пры гэтым адначасова і следчы, і суддзя, шпарка піша прысуды, у якіх змяшчаецца поўная лухта – няісныя законы з немагчымымі датамі (“марта 69 дня”). Але, што галоўнае, ён раздае грашовыя пакаранні ўсім чыста – і ўдзельнікам бойкі (бо валтузіліся), і сведкам (бачылі і не разбаранілі) і староннім асобам, якія нічога не бачылі і… таму не разбаранілі.
Нічога не нагадвае і нікога? Удзельнічаў у маршы – зняволенне; бачыў марш і зрабіў здымак – абмежаванне волі; не ўдзельнічаў, не бачыў… ну дык, прынамсі, чытаў пра тое на нейкім забароненым постфактум сайце – штраф! І суддзі цяпер пад дыктатурай здаюцца залішнімі, бо пратакол нейкага міліцыянта – гэта ўжо фактычна вырак.
Царскія цэнзары, дарэчы, не дазволілі “Пінскую шляхту” да публікацыі. Аднак дыктатура ўпарта спрабуе перасягнуць тыя змрочныя для беларусаў часіны расейскай імпэрыі. У параўнанні з лукашысцкімі карнікамі той Кручкоў падаецца фацэтным лагодным дзядзькам, які не адпраўляе падсудных у катоўні, а “толькі” прызначае грашовыя штрафы.
Сам Дунін-Марцінкевіч жанр “Пінскай шляхты” вызначыў як фарс-вадэвіль у 1 дзеі. На жаль, гэты фарс пад назвай “лукашызм” для ўсіх нас здоўжыўся. Спадзяюся, беларусам яшчэ выпадзе шанц усіх гэтых няўдалых актораў абрыдлага вадэвілю прагнаць з гістарычнай сцэны.