BE RU EN

Аркадзь Мошэс: У Маскве маюць разумець значэнне дэмаршу Такаева

  • 22.11.2023, 12:47

Ці чакаць раскідання АДКБ у найбліжэйшай будучыні?

У Менску 23 лістапада стартуе саміт краін Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Саміт яшчэ не пачаўся, але ўжо вакол яго віруюць спрэчкі. Так, Лукашэнка тэлефанаваў прэм'еру Арменіі Ніколу Пашыняну, каб упрасіць яго прыехаць, але атрымаў адмову. З парадку дня саміту з ініцыятывы Ерэвана здымаецца і дакумент аб падтрымцы Арменіі АДКБ. Наколькі гэта непрыемныя моманты для Крамля?

Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з дырэктарам даследчай праграмы Расеі, Усходняга суседства ЕЗ і Еўразіі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненняў Аркадзем Мошэсам:

- Думаю, што гэта непрыемны момант, але пераацэньваць значэнне таго, што адбываецца, я б не стаў. Крэмль, безумоўна, мае быць расчараваны тым, што Арменія пачынае больш актыўны пошук шляхоў выйсця з той сістэмы саюзаў, у якую яе зацягнулі. Я маю на ўвазе тое, што калі ўступленне краіны ў АДКБ у свой час успрымалася як лагічны крок, то пра ўваходжанне ў Еўразійскую эканамічную супольнасць можна сказаць наўпрост — у 2013 годзе прэзідэнту Саргсяну выкруцілі рукі.

Арменія спрабавала неяк балансаваць. Да 2013 года Ерэван разглядаў вядзенне перамоў з ЕЗ паводле мадэлі Грузіі, Украіны і Малдовы — гэта значыць аб пагадненні аб асацыяцыі і зоне вольнага гандлю. Ерэвану давялося ад гэтага адмовіцца, аднак больш спрошчаную версію дакумента выпала падпісаць у 2017 годзе, а ўвайшла ў дзеянне гэтая ўмова ў 2021. Цяпер падпісаны дакумент аб місіі цывільных назіральнікаў ЕЗ, якія і так разгорнутыя на тэрыторыі краіны. Відавочна, што Арменія невыгодна пачувалася ў лагеры, дзе Расея абмяжоўвала ўсе іншыя магчымасці паводзін. Таксама відавочна, што нармальных стасункаў паміж Пашынянам і Пуціным быць не магло, бо прэм'ер Арменіі — прадстаўнік рэвалюцыі і вуліцы. А Пуцін, відавочна, не можа мець добрых стасункаў з чалавекам, які прыходзіць да ўлады, не зважаючы на тое, як і гэты факт як такі, так і ягоныя далейшыя паводзіны будуць успрымацца Масквой.

Экскурс у гісторыю доўгі. Калі сцісла, то так, адмова прыехаць на саміт — гэта непрыемны момант для Расеі, але наўрад сюрпрыз. Думаю, гэтаму не будуць надаваць вялікай увагі. Ясна, што Арменія спрабуе выйсці з расейскай сфэры ўплыву, і апошнім часам гэты працэс паскорыўся. Бо доўгі час у Арменіі існавалі пэўныя ілюзіі, што Расея як вайсковы хаўруснік, а АДКБ як інструмент вайсковага хаўрусу прыйдуць на дапамогу ў яе вайне з Азербайджанам. Гэта ўяўленне было ілюзорным, а расстанне з ілюзіямі — заўсёды працэс балючы, але гэта адбываецца, а Пашынян з'яўляецца ўвасабленнем гэтага працэсу.

- Ці ёсць нейкі практычны інтарэс Расеі ў АДКБ? Ці гэта нешта з катэгорыі сымбалізму?

- Думаю, што Расея мае інтарэс, бо караля, як вядома, заўсёды грае світа. Калі АДКБ раскідаецца і з яе выйдуць дзве-тры дзяржавы, гэта стане сур'ёзнай сымбалічнай паразай Расеі, бо стварыць новы вайсковы хаўрус, новую сістэму бяспекі, Масква можа не здалець. Так або інакш, пік перыяду, калі інтэграцыйныя аб'яднанні з Масквой на чале ўважалі за перспектыўныя, мінуў. Сёння трэба захоўваць тое, што ёсць. Можа быць, гэта парадаксальна, а, можа быць — наадварот, цалкам лагічна, але гэта задавальняе Пуціна. Задача палітыка Пуціна і ўнутры краіны, і за яе межамі — захаваць тыя структуры, якія існуюць, або вярнуць тое, што існавала. А не ствараць новае. У гэтым кантэксце для Масквы было б лагічна старацца захаваць АДКБ.

- Даволі паказальны момант здарыўся і падчас візіту Пуціна ў Казахстан. Кіраўнік Крамля чарговы раз не змог вымавіць імя Такаева, а той загаварыў на казахскай мове. Усёй расейскай дэлегацыі давялося хапацца за слухаўкі. Ці разумее Пуцін, што ягоныя так званыя хаўруснікі дрэйфуюць у супрацьлеглым ад РФ кірунку?

- Мне цяжка гаварыць пра тое, наколькі рэалістычнае ўяўленне расейскага кіраўніцтва аб навакольным свеце. Думаю, што з цягам часу яно становіцца больш рэалістычным. Яны не могуць не бачыць, што Кітай даволі актыўна прыходзіць у Цэнтральную Азію, і ў тым, што тычыцца эканамічнага аспекту — ён выціскае Расею, а не робіць нешта разам з Расеяй. Пры гэтым самім цэнтральнаазіяцкім краінам таксама не надта ўтульна ад перспектывы, у якой Кітай будзе ўзмацняцца эканамічна, а Расея будзе захоўваць нейкія пазіцыі ў сфэры бяспекі.

Краіны Цэнтральнай Азіі будуць шукаць нейкае яшчэ выйсце. Наладжваць стасункі з ЕЗ, а яшчэ лепш — з амэрыканцамі. Гэта ўсё, вядома, пра будучыню, але ў Маскве маюць разумець значэнне дэмаршу з мовай. А год таму быў даволі крытычны выступ на чарговых «інтэграцыйных вячорках» з боку таджыцкага прэзідэнта Рахмона, які даволі катэгарычна выказаўся на адрас Масквы. Перыядычна гэта адбываецца.

Думаю, наўрад Крэмль зусім не бачыць, што ягоная сфэра ўплыву размываецца, становіцца сітаватай, што краіны ўвесь час шукаюць нейкія спробы ўцягнуць у рэгіён іншых гульцоў. Аднак як канкрэтна яны сабе гэта ўяўляюць і ці перайшоў гэты рэгіён крытычную рысу — я сказаць не магу. З майго пункту гледжання, пакуль не перайшоў, але ён рухаецца ў супрацьлеглы ад Расеі бок.

- Ці чакаць раскідання АДКБ?

- У найбліжэйшай будучыні — не. На пачатку 2022 года АДКБ паказала сваю здольнасць умешвацца падчас палітычных крызісаў. АДКБ была ў Казахстане падчас хваляванняў і паказала, што вынік крызісу залежыць ад яе прысутнасці. Думаю, што рэжымам, якія не з'яўляюцца дэмакратычнымі, выгадна пакідаць за сабой магчымасць звярнуцца да такой арганізацыі, як АДКБ. Так што, на маю думку, фармальнае раскіданне гэтай структуры не пагражае. Нават калі Арменія выйдзе (хоць яна, болей, таксама пакуль не выйдзе, а толькі неяк абмяжуе свой удзел або замарозіць), не канечне следам будзе выхад іншых дзяржаў.

Нават калі ў АДКБ застануцца толькі Расея і Беларусь, арганізацыя ўсё адно будзе існаваць, хаця, магчыма, называцца яна будзе неяк па-іншаму, тут у інфармацыйным полі дастаткова вялікія магчымасці. Паглядзіце, «Саюзная дзяржава» Расеі і Беларусі болей мёртвая, чым жывая, але ніхто не спяшаецца яе распускаць. Такія бюракратычныя ініцыятывы жывуць вельмі доўга.

Апошнія навіны