Пакажыце людзям Статкевіча!
- Наталля Радзіна
- 23.11.2023, 14:42
Галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна звярнулася да беларускіх улад.
Адразу з некалькіх крыніц да мяне дайшла інфармацыя аб смерці ў турме лідэра беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча. Спачатку гэта паведаміў надоечы вызвалены з турмы ў Глыбокім чалавек, які сядзеў паводле непалітычнага артыкулу. Я стала шукаць іншыя пацвярджэнні ва ўсіх магчымых каналах. Нарэшце з сістэмы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ адна крыніца вельмі асцярожна, старанна дабіраючы словы, паведаміла, што «такая доўгая адсутнасць інфармацыі пра Мікалая Статкевіча можа сведчыць пра ягоную смерць, якую спрабуюць схаваць».
Мы нічога не ведаем пра Статкевіча больш за 9 месяцаў. Ад яго няма лістоў, тэлефанаванняў, яму забароненыя сустрэчы з адвакатам і спатканні з жонкай. За гады зняволення ў адной з самых жорсткіх калоній у Глыбокім, дзе ён адбывае 14-гадовы тэрмін, 67-гадовы палітык чатыры разы перахварэў на ковід. Вядома, што ў яго ўзніклі праблемы з сэрцам. Тым не менш, перадачы яму забароненыя, і нават бандэролі з лекамі, якія жонка спадара Мікалая Марына Адамовіч адпраўляе ў турму, часам вяртаюцца назад.
Мне страшна думаць, што інфармацыя аб загубе Мікалая Статкевіча, якога я бязмежна паважаю, можа быць праўдай. Я не хачу ў яе верыць. Таму я заклікаю ўлады неадкладна зняпраўдзіць гэта і паказаць Мікалая Статкевіча жывым.
І нам трэба не відэа невядома якой даўніны на Беларускай тэлевізіі. І нават не сустрэча з адвакатам, які, як мы ведаем, далёка не самастойны ў цяперашніх беларускіх варунках. Пакажыце Мікалая Статкевіча, калі ён жывы, яго самаму блізкаму і роднаму чалавеку — Марыне Адамовіч. Дазвольце ім спатканне або хаця б відэаразмову!
У адваротным выпадку ваша маўчанне будзе азначаць, што крыніцы маюць рацыю, і на сумленні Лукашэнкі і ягоных карнікаў смерць яшчэ аднаго палітычнага вязня. І адказнасць за гэтае злачынства будзе несці не толькі дыктатар, які ашалеў у сваёй помсце апанентам, але і кожны супрацоўнік калоніі ў Глыбокім і ўсёй сістэмы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ.
Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org