Першая частка «Уладара пярсцёнкаў» выйдзе па-беларуску
- 24.11.2023, 19:12
Выданне «Брацтва пярсцёнка» паступіць у продаж 19 снежня.
Неўзабаве можна будзе прачытаць па-беларуску класіку сусветнага фэнтэзі – 19 снежня ў продаж паступіць выданне «Брацтва пярсцёнка», першай кнігі знакамітай трылогіі «Уладар пярсцёнкаў» Джона Толкіна. Выдавецтва «Янушкевіч» ужо адкрыла на кнігу – так яе можна набыць са зніжаным коштам і раней за старт продажаў. «Люстэрка» даведалася ў выдаўца Андрэя Янушкевіча, як доўга ішлі перамовы пра ліцэнзію, наколькі складана было выдаць Толкіна і колькі ўсё гэта каштавала.
Ідэя выдаць кнігу Джона Толкіна ў Андрэя Янушкевіча была даўно, але доўгі час адпужваў аб'ём перакладніцкай працы. Турбаваў і кошт ліцэнзіі, бо хоць трылогія Толкіна «Уладар пярсцёнкаў» была напісаная амаль 70 гадоў таму, яна па-ранейшаму карыстаецца неверагоднай папулярнасцю.
– Канкрэтныя крокі мы пачалі рабіць дзесьці два ці два з паловай гады таму, – успамінае выдавец. – Адразу вызначыліся з перакладнікам: Ігар Кулікоў – вельмі кваліфікаваны спецыяліст. Апроч ведання сучаснай ангельскай мовы, ён перакладае вершы са стараангельскай і выдаў зборнік стараангельскай паэзіі па-беларуску. Для перакладу твораў Толкіна гэта немалаважна. І пачалі перамовы. Праваўладальнікам, апроч нашчадкаў пісьменніка, з'яўляецца вялікая выдавецкая кампанія HarperCollins. Гэта значыць дамова заключаецца з фондам спадчыннікаў Толкіна, але выдавецтва таксама непасрэдна ўдзельнічае ў перамовах. І ўсе матэрыялы, вокладка, пераклад узгадняюцца з нашчадкамі Толкіна і з гэтым выдавецтвам.
Першыя перамовы зайшлі ў тупік, бо Янушкевічу прапанавалі выкупіць правы адразу на ўсю трылогію. Беларускае выдавецтва на той момант не магло сабе гэтага дазволіць і планавала выдаваць том за томам. Тады было пастаноўлена пачакаць да 2024, калі на тэрыторыі нашай краіны выданне твораў Толкіна пяройдзе ў свабодны доступ, бо пройдзе пяцьдзясят гадоў са смерці аўтара. Такі прынцып дзейнічае ў Беларусі, тлумачыць суразмоўца, хоцьва ўсіх еўрапейскіх краінах і не толькі тэрмін дзеяння аўтарскіх правоў складае 70 гадоў.
– Але паўтара гады таму нас, можна сказаць, без уцямных прычынаў выгналі з Беларусі, адабралі выдавецкую ліцэнзію. Цяпер мы працуем у Польшчы, і тут ужо дзейнічаюць іншыя правілы. Таму мы аднавілі перамовы з праваўладальнікамі, – расказвае выдавец. – Доўга тлумачылі сваю сітуацыю, бо ў Еўропе цяжка ўявіць, што дзяржаўная ўлада змагаецца з нацыянальнай культурай, а выдавецтвы зазнаюць ганенні і вымушаныя працаваць за мяжой.
Самі перамовы, прадаўжае ён, ішлі марудна, але плённа. Каманда ніколі не страчвала надзеі, што атрымаецца выдаць Толкіна. Менавіта таму паралельна з перамовамі працавалі перакладнікі, рэдактары і карэктары, рабілася мастацкае афармленне кнігі.
– На гэты раз мы пагадзіліся на ўсе ўмовы, заключылі кантракт адразу на ўсю трылогію «Уладар пярсцёнкаў». Можна сказаць, да моманту заключэння кантракта падышлі ў поўным узбраенні і 8 верасня падпісалі яго. Мы вельмі радыя, што паспелі гэта зрабіць у 2023 годзе, бо выданне Толкіна без ліцэнзіі, нават калі гэта фармальна дазваляецца на тэрыторыі Беларусі з наступнага года, вельмі сапсавала б імідж беларускага кнігавыдавецтва. Якое, атрымліваецца, не гуляе паводле агульнаеўрапейскіх правілаў, – дзеліцца разважаннямі выдавец. – Дарэчы, шмат часу заняло ўзгадненне вокладкі і мастацкага афармлення кнігі. Але ў выніку згоду мы атрымалі, і гэта значыць, што праваўладальнікам і нашчадкам Толкіна спадабаліся нашыя ідэі. Мы ўжо рыхтуем да выдання другую і трэцюю часткі трылогіі. Упэўнены, што яны выйдуць у 2024 годзе.
Колькі каштавала ліцэнзія, Андрэй Янушкевіч не гаворыць: тлумачыць, што гэта камерцыйная таямніца. Але дадае, што трылогія Толкіна – гэта не танны праект.
– Мы хочам выдаць сапраўды шыкоўнае выданне: на прэміяльнай швэдскай паперы, з такімі аздобнымі элементамі, як фальгаванне і лясэ (закладка з тканіны. – Заўв. рэд.). Дзякуючы мастачцы Настассі Пазняк, аздабленне кнігі мае свае асаблівасці. Калі паглядзець уважліва, вокладка выканана ў стылістыцы беларускай выцінанкі, і адразу можна зразумець, што гэта менавіта нашае выданне. Там захаваўся дух арыгіналу.
Першы тыраж «Брацтва пярсцёнка» – тры тысячы экзэмпляраў. Кошт папярэдняй замовы – 69,90 злотага, або 54 рублі. У звычайным продажы кніга будзе на 15–25% даражэйшая.
– Мы робім папярэднюю замову так, каб гэта было выгодна і чытачам, і нам. Пастараемся, каб яны першымі атрымалі кнігу, магчыма, нават да афіцыйнага старту продажу. Хоць ліцэнзія і паліграфічныя матэрыялы нятанныя, мы хочам прадаць больш асобнікаў паводле адэкватнага кошту, чым паразітаваць на ажыятажы і прадаваць кнігу з завышанымі коштамі. Гэта нетактоўна ў дачыненні да чытачоў, дый так мы хутчэй пашырым чытацкую аўдыторыю. А гэта вельмі важна і для нашага бізнесу, і для культуры Беларусі, – кажа Андрэй Янушкевіч.
Папярэднюю замову на выданне з паштовай і кур'ерскай дастаўкай ужо можна аформіць у асобныя еўрапейскія краіны і ў Беларусь. Афіцыйны старт продажу адбудзецца ў Варшаве 19 снежня. У выданне акрамя першай часткі трылогіі ўключаныя карты «Частка Воласці» і «Захад Серадзем'я ў канцы Трэцяй эпохі», а таксама «Прадмова да іншага ангельскага выдання» і «Тлумачэнне некаторых імёнаў і назваў».