BE RU EN

Як прэзідэнт Казахстана кпіць з Лукашэнкі

  • 25.11.2023, 18:37

Дыктатара рэгулярна і жорстка ставяць на месца.

Саміт АДКБ, які прайшоў 23 лістапада ў Менску, прадэманстраваў, што ў Аляксандра Лукашэнкі няма дастатковага аўтарытэту не толькі ў вачах прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, які адмовіўся прылятаць у беларускую сталіцу праз тое, што хаўруснікі не дапамаглі Ерэвану ў канфлікце з Баку.

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў не пасаромеўся публічна пакрытыкаваць Аляксандра Лукашэнку за яго заклікі разам супрацьстаяць Захаду.

«Пагрозы існавалі заўсёды. Такая сутнасць міжнароднай супольнасці. Частыя заявы на гэтую тэму спараджаюць ілюзію, быццам мы кагосьці баімся», – адзначыў Такаеў.

На яго думку, «падобныя заявы могуць таксама атрымаць і, здаецца, ужо атрымліваюць зусім няправільную інтэрпрэтацыю».

Крытычныя выказванні на адрас Лукашэнкі з боку Такаева прагучалі не ўпершыню.

Сайт UDF нагадвае аб няпростых момантах у іх дачыненнях.

Як Такаеў адмовіў Беларусі ў казахстанскай нафце

Такаеў стаў прэзідэнтам Казахстана ў 2019 годзе. З таго моманту Лукашэнка некалькі разоў спрабаваў наладзіць пастаўкі казахстанскай нафты ў Беларусі, жадаючы, каб на Расею, праз якую мог бы пайсці транзіт, ціснулі б і хаўруснікі.

Але Такаеў ідэю кіраўніка Беларусі не падтрымаў, не ўбачыўшы ў ёй перспектывы для сваёй краіны. Лукашэнку параілі дамаўляцца наўпрост з казахстанскімі кампаніямі і РФ – з гэтага, вядома, нічога не атрымалася.

Такаеў працягнуў выбудоўваць дачыненні з Захадам, пакуль Лукашэнку каралі санкцыямі

Сурʼёзныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі сталі ўводзіць з сярэдзіны 2021 года пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Менску і штучна створанага міграцыйнага крызісу на межах Беларусі з ЕЗ.

У канцы таго года Лукашэнка ледзь не лямантаваў на анлайн-саміте ЕАЭС:

«Вас будуць настройваць супраць Беларусі, каб вы падключыліся да гэтых санкцый супраць нашай краіны. Мая просьба, каб мы былі разам, таму што гэты ціск будзе нарастаць… Відавочна адно, што рэальная мэта Захаду палягае ў мэтадычным знішчэнні канкурэнтаў. Гэтая сітуацыя наглядна прадэманстравала, што сяброў у нас тамака няма. Таму мы павінны разлічваць толькі на свае сілы».

Гэтыя словы Лукашэнка Такаеў нібы прапусціў міма вушэй: прэзідэнт Казахстана рэгулярна сустракаецца з заходнімі лідарамі, не спрабуючы ўставіць слоўца за свайго саюзніка па ЕАЭС і АДКБ.

Жарт Такаева на адрас Лукашэнкі на саміце СНД

У кастрычніку 2022 года на саміце СНД адбыўся цікавы дыялог паміж кіраўнікамі Беларусі і Казахстана. Калі Такаеў прапанаваў прыступіць да працэдуры падпісання дакументаў, Лукашэнка спытаўся ў яго, чаму той не абвясціў, што пасада выканаўчага сакратара СНД змяняецца на генеральнага сакратара СНД:

«Касым-Жомарт Кемялевіч, а што вы не абвясцілі? Мы генеральнага сакратара абралі, а вы не абвясцілі».

Такаеў за словам у кішэню не палез, сказаўшы з усмешкай:

«Аляксандр Рыгоравіч, у вас зараз любімы занятак крытыкаваць старшыню?»

Спрэчкі на II Еўразійскім эканамічным форуме

Больш за ўсё прэзідэнт Казахстана дазволіў сабе ў дачыненні да кіраўніка Беларусі ў траўні гэтага года на II Еўразійскім эканамічным форуме. У сваім выступе Такаеў акрэсліў праблему ў існаванні ў рамках ЕАЭС «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

«У сусветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт або феномен, як хочаце. Стварэнне дзяржавы па формуле: дзве краіны – адна дзяржава, з адзінай палітычнай, юрыдычнай, вайсковай, эканамічнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай, з адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парламентам. Ну, я прашу прабачэння, і нават ядравая зброя адна на дваіх зараз... Таму ёсць іншы ўзровень інтэграцыі, прадстаўлены Казахстанам, Кыргызстанам, Арменіяй. І з гэтай рэальнасцю нам трэба лічыцца. Як мы будзем працаваць у гэтых умовах?», – сказаў Такаеў.

Мяркуючы па наступным выказванні прэс-сакратара прэзідэнта Казахстана, Такаеў меў на ўвазе наступнае: інтэграцыя ў рамках ЕАЭС можа і павінна ісці выключна па эканамічным шляху, а не па палітычным ці ідэалагічным.

Але найбольш крыўдна Лукашэнку павінна было быць у выступе калегі тое, што Такаеў, па сутнасці, адмовіў Беларусі ў палітычнай субʼектнасці («дзве краіны – адна дзяржава»). Зрэшты, палітык зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў і прапанаваў Такаеву ўступіць у Саюзную дзяржаву, калі той хоча атрымаць ядравую зброю.

«Я па заслугах ацаніў яго жарт» – адрэагаваў у каментары журналістам Такаеў, прыпячатаўшы калегу.

…У цэлым жа смелыя паводзіны Такаева ў дачыненні да Лукашэнкі не дзіўныя. Казахстану нашмат важнейшыя дачыненні з Захадам, чым з Беларуссю. І калі ўжо Такаеў не баіцца адстойваць свае пазіцыі ў дачыненнях з УладзімірамПуціным (напрыклад, не падтрымлівае яго вайну супраць Украіны, выступае ў прысутнасці прэзідэнта РФ на казахскай мове, то зразумела, што ў вачах Такаева аўтарытэт у Лукашэнкі невялікі, бо той усё больш выступае ў ролі марыянеткі прэзідэнта РФ).

Апошнія навіны