Цэнтрабанк РФ прызнаў, што на сусветным рынку расейскі рубель нікому не патрэбны
- 1.12.2023, 19:35
Планы Крамля аб ператварэнні рубля ў альтэрнатыву даляру і еўра пацярпелі крах.
Расейскі рубель нікому не патрэбны на міжнародным рынку. Яго выкарыстоўвае ў гандлёвых аперацыях толькі сама Расея, ды і тое ў асноўным для абыходу заходніх санкцый. Такая выснова напрошваецца з агляду рынкавых рызык, апублікаванага Цэнтрабанкам РФ, адзначае «Уніян».
Так, дзель рубля ў аплаце расейскага экспарту цяпер складае блізу 40%, што на 10–15% больш за даваенны ўзровень. Расейскі імпарт аплачваецца рублём на 30%, што адпавядае даваенным паказнікам. А вось ва ўгодах, не звязаных наўпрост з расейскім імпартам / экспартам рубель фактычна ніхто не выкарыстоўвае.
«Роля афшорнага рынку рубля расце, але пакуль застаецца абмежаванай», – гаворыцца ў аглядзе рынкавых рызык, які паводле правілаў расейскага «навамоўя» названы «Аглядам фінансавай стабільнасці».
Са справаздачы таксама вынікае, што рублёвы прыбытак ад гандлёвых аперацый з Расеяй замежныя банкі і кампаніі імкнуцца неадкладна абмяняць на іншую валюту і робяць гэта часта ўнутры расейскай фінансавай сістэмы. Г.зн. вымываюць з яе замежную валюту.