У Беларусі хочуць сур'ёзна змяніць Кодэкс аб шлюбе і сям'і
- 1.12.2023, 21:33
Змены закрануць у тым ліку выплату аліментаў.
У Беларусі плануецца ўнесці шэраг змяненняў у Кодэкс аб шлюбе і сям'і. Законапраект аб гэтым падрыхтаваў «урад». Дакумент удакладняе мноства нюансаў рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. Істотныя новаўвядзенні прадугледжаныя ў парадку выплаты аліментаў на дзяцей, адзначае «Люстэрка».
Маёмасць у залік
Згодна з папраўкамі, аліменты можна будзе выплаціць шляхам перадачы ва ўласнасць дзіцяці маёмасці, уключаючы жыллё і дзелі ў праве ўласнасці. У тым ліку такім чынам аліменты могуць быць залічаныя на будучы час – хоць да 18-годдзя дзіцяці.
Такі парадак разліку можна будзе прадугледзець у пагадненні аб выплаце аліментаў, а таксама калі пытанне аб аліментах вызначаецца ў судзе або калі справа ўжо дайшла да спагнання завінавачанасці праз судовых выканаўцаў. У апошніх двух выпадках бацькі змогуць заключыць міравое або медыятыўнае пагадненне. У ім можна прапісаць парадак і тэрміны выплаты аліментаў, у тым ліку перадачу ўласнасці ў залік.
Магчымасць выплаты аліментаў на будучы час таксама можа быць загадзя прадугледжаная шлюбнай дамовай або ўжо пры расстанні – пагадненнем аб дзецях.
У цэлым з'явіцца магчымасць у шлюбнай дамове прапісаць памер аліментаў на дзяцей, спосабы і парадак іх выплаты, але ўсё гэта ў любым выпадку павінна адпавядаць заканадаўству. Акрамя таго, праз суд можна будзе вызначыць факт нікчэмнасці шлюбнай дамовы.
Шлюбны ўзрост
Уводзіцца нюанс для самых юных. Цяпер тыя, каму няма 18 гадоў (і хто не эмансіпаваны), могуць распісацца ў выпадку цяжарнасці дзяўчыны ці нараджэння дзіцяці. Гэта дазваляецца ўжо ад 15 гадоў.
Законапраект прапануе прапісаць, што такі ранні шлюб дапускаецца толькі ў выпадку агульнага дзіцяці ў жаніха і нявесты. У той час як паводле дзейнага кодэкса не мае значэння, чыё дзіця.
Атрымліваецца, калі няпоўнагадовая дзяўчына цяжарная ад аднаго, але замуж мае намер пайсці за другога, ім гэта не дазволяць да 18 гадоў.
Бацькам раней за 15 гадоў не станеш
Цікавая папраўка ўносіцца ў артыкул аб вызначэнні бацькоўства дзіцяці. Калі бацька і маці не знаходзяцца ў шлюбе, то загс можа зарэгістраваць бацькоўства паводле іх супольнай заявы. Законапраект прапануе ўнесці такую норму: розніца ва ўзросце паміж дзіцем і бацькам у такім выпадку павінна быць не меншай за 15 гадоў. Цяпер ніякіх узроставых абмежаванняў няма.
Таксама гэты законапраект прапануе ўнесці змяненні ў адносінах да рэгістрацыі шлюбаў беларусаў за мяжой.
Акрамя таго, у ім удакладняецца парадак адабрання дзяцей з сем'яў, дзе бацькі не выконваюць абавязкаў у іх выхаванні, кампенсацыі такімі бацькамі выдаткаў дзяржавы на ўтрыманне іх дзяцей, нюансы абароны правоў дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Пакуль незразумела, калі гэты законапраект будзе «разгледжаны». Пасля прыняцця і афіцыйнага апублікавання закон пачне дзеянне праз шэсць месяцаў.