Сілы абароны Украіны за дзень магутна адпрацавалі па складах расейцаў
- 1.12.2023, 21:56
Падбітыя тры раёны засяроджвання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі акупантаў.
Сілы абароны Украіны за гэты дзень магутна адпрацавалі па складах з боепрыпасамі расейскіх захопнікаў. Пра гэта гаворыцца ў аператыўнай зводцы Генеральнага штаба УСУ за 1 снежня.
«Цягам дня падраздзяленні ракетных войскаў падбілі тры раёны засяроджвання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама пяць складоў боепрыпасаў ворага», – гаворыцца ў зводцы.
У той самы час, са свайго боку, расейскія захопнікі нанеслі 2 ракетныя і 17 авіяцыйных удараў, здзейснілі 46 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Таксама, з пачатку сутак расейскія акупанты нанеслі авіяцыйны ўдар па Украіне, ужыўшы 2 кіраваныя ракеты Х-59 і 12 БПЛА тыпу «Shahed-136/131». Пры гэтым сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны знішчаная 1 кіраваная ракета Х-59 і 8 ударных БПЛА.