BE RU EN

Наталля Радзіна: 2010 год паказаў, што ў беларусаў заўсёды была прага да свабоды

  • 19.12.2023, 17:16

Да беларускага грамадства прыходзіць разуменне, хто сапраўдныя лідары апазіцыі.

13 гадоў таму дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы Менска, каб абараніць свой выбар.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна ў каментары нашаму сайту прыгадвае падзеі Плошчы-2010:

- Для мяне гэта значыць, што беларусы заўсёды змагаліся за сваю свабоду. Я ж удзельнічала ў пратэстах і ў 2001-м, і ў 2006-м, і ў 2010-м годзе. Калі б пасля падзеяў 19 снежня 2010-га я змагла б застацца ў Беларусі, то ўдзельнічала б і ў пратэстах 2020-га года.

У беларускім народзе заўсёды была цяга да свабоды. У Беларусі заўсёды пратэставалі і змагаліся за сваю свабоду і правы. Моцныя выбухі грамадскага пратэсту ўзнікалі ў сувязі з фальсіфікацыямі «прэзідэнцкіх выбараў». Падкрэслю, супраціў у грамадстве было заўсёды.

2010 год - гэта адна з ганаровых старонак беларускай гісторыі. Яна сведчыць аб тым, што беларусы змагаліся, змагаюцца і будуць змагацца за сваю свабоду, годнасць, мару жыць у свабоднай і дэмакратычнай дзяржаве.

— Вы ўжо закранулі такую пераемнасць: 2006-ты, 2010-ты, 2020-ты год. Характэрна, што многія героі Плошчы-2010 - Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі - праявілі сябе і праз 10 гадоў падчас рэвалюцыі 2020-га года, стаўшы сапраўднымі лідарамі беларускай апазіцыі. Які ўплыў мела Плошча-2010 на гісторыю Беларусі?

- Тыя людзі, якіх вы пералічылі, гэта і ёсць рэальныя лідары беларускай апазіцыі. Калі б яны выйшлі на волю падчас пратэстаў 2020-га года, то, думаю, што яны прывялі б гэтыя пратэсты, якія былі самымі масавымі ў гісторыі сучаснай Беларусі, да перамогі.

Рэжым, які баіцца смелых, рашучых людзей, схаваў іх за краты і не дазволіў стаць на чале пратэстоўцаў тры гады таму.

Лідары, якія з'явіліся на хвалі пратэстаў, на жаль, былі занадта слабымі, некампетэнтнымі і, мусіць, падкантрольнымі. Не магу сказаць, якім канкрэтна службам, але скажу, што жадання перамагчы ў іх сапраўды не было.

Бо стратэгія, абраная ў 2020-м так званай каардынацыйнай радай на чале са Святланай Ціханоўскай і яе асяроддзем, прывяла да зліву ўсяго гэтага масавага пратэсту, знішчэння пратэстнага патэнцыялу і масавых рэпрэсій, якія не спыняюцца дагэтуль.

Сёння мы мусім вынесці ўрокі з таго, што адбылося. Важна зрабіць аналіз усіх падзеяў. Цяпер у беларускім грамадстве адбываюцца разуменне, як трэба дзейнічаць у сітуацыі жорсткай дыктатуры і вайны, што трэба рабіць і хто сапраўдныя лідары беларускай апазіцыі.

Апошнія навіны