Андрэй Саннікаў: Лукашэнка застаўся на пазіцыі лузэра
- 19.12.2023, 19:47
Беларусы маюць не толькі слаўную гісторыю, але й свабодную і еўрапейскую будучыню.
19 снежня 2010 года ў Беларусі прайшлі так званыя прэзідэнцкія выбары. Пасля закрыцця выбарчых пунктаў беларусы выйшлі на дэманстрацыю супраць фальсіфікацый іх вынікаў. Плошча-2010 стала адной з самых масавых акцый у гісторыі Беларусі.
Лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010-га года Андрэй Саннікаў расказаў сайту Charter97.org, як Паўстанне годнасці паўплывала на хаду падзей у Беларусі.
- Я б назваў гэта першым этапам рэвалюцыі, другі этап быў у 2020-м годзе. Трэці этап прывядзе ўжо да перамогі. 2010 год значна паўплываў на ўсе наступныя падзеі ў Беларусі, бо былі закладзеныя механізмы, якія працуюць і сёння, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі.
Найперш — гэта салідарнасць, тая самая салідарнасць, якая існуе сёння, якая існавала падчас эпідэміі COVID-19, якая існавала падчас пратэстаў. Сістэма ўзаемнай дапамогі, узаемнай падтрымкі людзей, не толькі палітычна ангажаваных, але і далёкіх ад палітыкі, пачала складвацца менавіта ў 2010-м годзе.
Пасля 2010-га года я б яшчэ адзін этап адзначыў — гэта 2017-ы год, пратэсты супраць закона аб «дармаедах», якія лагічна падвялі да 2020-га года. Народныя пратэсты 2017 года зрабілі моцны ўплыў на 2020-ы.
- Сёння шмат хто з герояў Плошчы-2010 у турмах — Мікалай Статкевіч, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Павел Севярынец. Чаму менавіта гэтыя людзі былі ў авангардзе перамен тады і былі датычныя да пратэстаў у 2020 годзе?
- Трэба згадаць, што і Мікола Статкевіч, і Павал Севярынец былі і да 2010-га года героямі пратэстаў, людзьмі смелымі і цвёрдымі. І Макс Вінярскі, і Жэня Афнагель прайшлі вельмі вялікую вулічную школу і разумелі, што без вуліцы рэжым проста немагчыма памяняць.
Выходзіць на пратэсты — гэта не жаданне Мікалая, Паўла, Макса або маё. Проста, калі цябе пазбаўляюць магчымасці выказаць сваё меркаванне і ўплываць на палітычнае жыццё ў краіне, перш за ўсё — праз сумленныя выбары, то адзіным сродкам застаецца вулічны пратэст.
Гісторыя нас вучыць аднаму, што ніхто не жадае на ёй вучыцца. А навукі можна здабыць вельмі шмат і з 2010-га года, і з папярэдніх.
Першая навука — адчыненае акно магчымасцяў неабходна выкарыстоўваць на ўсе застаўкі, не спыняючыся на паўдарогі.
Другая навука, якая вынікае з першай — калі не ісці да канца, то рэпрэсіі будуць узрастаць у геаметрычнай прагрэсіі, а калі чарговы раз выпусціць перамогу, то яны становяцца татальнымі і перамолваюць у тым ліку ўсю ранейшую агентуру.
Трэцяя навука – не дазваляць прайдзісветам красці пратэставы выбух народа.
Чым быў паказальны 2010 год?
На мой погляд, гэта быў адзіны год маштабных пратэстаў (калі браць 2001-ы, 2006-ы, 2015-ы ўвогуле быў «мёртвы год», 2020-ы — рэвалюцыя), калі лідэры паабяцалі быць да канца з людзьмі і сваё абяцанне стрымалі. Гэта вельмі важна.
Давайце ўспомнім: у 2001-м годзе адзіны кандыдат надоўга знік з Плошчы, яго ледзь не жывасілам прывялі, у 2006-м годзе адзіны кандыдат павёў кветкі ўскладаць. У 2010-м жа годзе мы проста наважылі, што будзем стаяць на Плошчы да канца. Хаця і не ўсім кандыдатам, якія потым выявілі сябе не найлепшым чынам, гэта падабалася, аднак мы былі разам з усімі.
Мяркую, што гэта быў ключавы чыннік. Пытанне, што б рабілі Мікалай і Павел, мне спрэс зразумелае — вядома, калі б не арышт, яны былі б на чале пратэстаў 2020 года. Гэта магло б пераламаць сітуацыю. Лідарам стаў народ, насуперак заклікам не выходзіць на вуліцу, але ў нейкі момант стала ясна, што людзьмі праз Telegram-каналы, іншыя інструменты сталі маніпуляваць проста ашуканцы, якія ці то выконвалі заданне, ці то хацелі ўласнай славы, у гэтым выпадку не важна.
Успомнім, што ніхто з тых лідэраў, якія ішлі на выбары, за выняткам, натуральна, Мікалая Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага (якіх пасадзілі зарання), не заклікаў да пратэстаў. Наадварот, людзей пераконвалі не выходзіць, не пратэставаць, гэта, маўляў, незаконна і гэтак далей.
Вось цяпер мы і пажынаем плён баязлівасці.
- Пасля Плошчы-2010 у The New York Times выйшаў вядомы артыкул «Лукашэнка – лузэр». Сёння мы чуем ад паасобных людзей, якія называюць сябе "апазіцыянерамі", заклікі "перагарнуць старонку", "ісці на дыялог". Маўляў, "Лукашэнка перамог". Ці застаецца Лукашэнка лузэрам праз гэтыя 13 гадоў?
- Вядома, застаўся і ўмацаваўся менавіта на гэтай пазіцыі. У чым ён перамог? Я вось не разумею гэтага пасылу. У тым, што раскідаў эканоміку? Пабудаваў канцлагер? Трымаецца ва ўладзе толькі за кошт рэпрэсій? Раскашуе за кошт народа? Хіба гэта перамога? Не, ён не перамог. Беларусы ўжо паўсталі, і іх не перамагчы нікому і ніколі.
Ведаеце, прадказальна, што дастаткова хутка з'явіліся людзі, якія кажуць «няхай Захад ужо аслабіць санкцыі супраць Лукашэнкі», «давайце гандляваць палітычнымі вязнямі», «прызнаем паразу». Я ўспрымаю гэта так, што “Зыбіцкая” стамілася ад уласнай фронды і хоча вярнуцца ў загароду.
Няўжо нехта сур'ёзна ўважае Лукашэнку за нейкую значную палітычную постаць? Нейкім чыннікам у міжнародных стасунках? Так, ён з'яўляецца чыннікам, але толькі ў расейскай вайне супраць Украіны, для якой ён даў тэрыторыю.
Узровень усяго выбудаванага ім рэжыму — гэта ўзровень канцлагера. Там ёсць начальнік, наглядчыкі і «капо», памагатыя з ліку зняволеных, але не больш за тое. Так да іх і трэба ставіцца.
Таму заклікі, якія гучаць, да аслаблення ціску на рэжым — гэта напраўду слёзныя просьбы ўпарадкаваць канцэнтрацыйны лагер.
Але беларусы не будуць жыць у канцлагеры і не будуць часткай гнілой расейскай імперыі. Мы маем не толькі слаўную гісторыю, але і свабодную і еўрапейскую будучыню.