Беларус страціў грошы, выконваючы «апошнюю волю мільянеркі»
- 3.12.2023, 15:49
Жыхар Оршы спакусіўся прапановай на $2,5 мільёна.
Жыхар Воршы страціў грошай, выконваючы «апошнюю волю мільянеркі», паведамляе «Беларусь за МКАДам».
53-гадовы мужчына год таму страціў жонку, якая памерла ад анкалогіі. У дадатку для знаёмстваў ён сышоўся з нейкай «брытанкай», якую клікалі Сафія.
З дадатку зносіны перацяклі ў мэсэнджар, дзе паненка расказала, што цяжка хворая. Потым апавяла, што ў яе ад мужа засталося багацце на 2,5 мільёна USD.
60% нябожчык муж нібыта прасіў выдаткаваць на дабрачыннасць, а яшчэ 40% яна пакіне жыхару Оршы, які пагадзіўся дапамагчы жанчыне ў рамках яе «апошняй волі».
Пасля з ахвярай выйшаў на кантакт мэнэджар «англічанкі», які пражывае ў Нігерыі. Ён расказаў мужчыну, што для банкаўскага пераводу сума занадта вялікая, таму трэба пераслаць грошы праз пошту гатоўкай.
Перавод, як высветлілася, каштаваў 2,5 тысячы рублёў, якія аршанец выправіў на рахунак ашуканцаў. Пазней у мужчыны папрасілі яшчэ 7 тысячаў за «сертыфікат юрыста», які дазволіць далей весці справы з «іншаземкай». Толькі тады мужчына адчуў нядобрае.