BE RU EN

Андрэй Саннікаў: Лукашэнка хутчэй папросіцца ў NАТО, чым пойдзе на такія «перамовы»

  • 5.12.2023, 14:15

Толькі павелічэнне жорсткіх санкцый выратуе жыццё палітвязняў

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў пракаментаваў заклік так званай «Кардынацыйнай рады» Ціханоўскай да перамоваў з рэжымам Лукашэнкі:

- Без вонкавага ціску ўсе патрабаванні, адрасаваныя дыктатарскаму рэжыму, - проста смяхотныя, тым больш патрабаванні вызвалення палітвязняў.

Толькі рэальны, а не прытворны санкцыйны ціск дазваляе дабівацца свабоды для вязняў рэжыму.

САНКЦЫІ не з'яўляюцца ні стратэгіяй, ні тактыкай змены рэжыму. Яны неабходны для выратавання жыцця людзей. Павелічэнне жорсткіх санкцый выратуе жыццё палітвязняў, у той час як мяккія ці фармальныя санкцыі дазваляюць рэжыму бяскарна калечыць і забіваць людзей у турмах і калоніях.

ЗАДАЧА і маральны абавязак апазіцыі - патрабаванне ўвядзення санкцый для вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій. Усе іншыя патрабаванні - альбо хлуслівыя, альбо трэцярадныя.

ЗАДАЧА рэжыму і ягоных спецслужбаў – усялякімі спосабамі дамагацца зняцця санкцый, у тым ліку праз сваю агентуру на захадзе і прыкормленых заходніх палітыкаў.

Сэнс саміх санкцый (а не стратэгіі змены ўлады) палягае ў вызваленні палітвязняў і спыненні рэпрэсій. Для гэтага неабходна адзінства меркаванняў апазіцыі ў гэтым пытанні і паслядоўнасць захаду ў правядзенні палітыкі ўвядзення санкцый і іх зняцця.

Пасля здушэння Паўстання 2010 года нам амаль удалося дабіцца ад захаду зразумелай палітыкі санкцый. Нягледзячы на тое, што некаторыя «апазіцыйныя» дзеячы ездзілі на захад з упрошвалі не ціснуць на Лукашэнку, Еўразвяз дастаткова хутка ўвёў санкцыі і выставіў абгрунтаваныя і рэалістычныя ўмовы для іх зняцця. Упершыню пачалі ўводзіць эканамічныя санкцыі. Вызвалілі амаль усіх палітычных. Апошнім з асуджаных за 2010 год на волю ў 2015 годзе выйшаў Мікола Статкевіч. З’явілася надзея, што захад упершыню праявіць цвёрдасць і паслядоўнасць у сваёй санкцыйнай палітыцы.

На жаль.

Крывадушна спасылаючыся на ўкіды аб «лібералізацыі», якія разносяцца з «апазіцыйных» колаў, Еўразвяз зняў санкцыі са злачынцаў, тых самых, на якіх гэты рэжым трымаецца.

Прыпыненне санкцый супраць рэжыму ў 2015 годзе і іх зняцце ў 2016 годзе выбрукавалі дарогу да жахлівых рэпрэсій сённяшняга дня. Дзякуючы зняццю санкцый рэжым упэўніўся ў сваёй беспакаранасці, значна ўмацаваў свой рэпрэсіўны апарат, у тым ліку за кошт еўрапейскай і заакіянскай амуніцыі, тэхналогій, абмундзіравання, што прыйшлося вельмі дарэчы падчас разгонаў мірных пратэстаў і забойства дэманстрантаў.

Усе спробы распавесці, што санкцыі неэфектыўныя, што трэба шукаць іншыя шляхі, напрыклад перамовы, - не проста ашуканства, але і адкрыты суўдзел у злачынствах супраць народа, супраць палітвязняў. Усе падобныя «дыскусіі» інспіраваныя спецслужбамі праз іх агентуру і маюць толькі адну мэту: ЗНЯЦЦЁ САНКЦЫЙ З РЭЖЫМУ БЕЗ ВЫЗВАЛЕННЯ ЎСІХ ПАЛІТВЯЗНЯЎ.

Асабліва смешна выглядаюць прапановы аб «перамовах». Ну, не вядуць куратары перамовы з агентамі. Лукашэнка хутчэй папросіцца ў NАТО, чым пойдзе на такія перамовы.

Клопат аб пакутах народа праз санкцыі - чарговая дэманстрацыя крывадушнасці. Дыктатары заўсёды перакладаюць на плечы народа ўсе няўдачы ў эканоміцы, няхай гэта будуць вонкавыя ці ж унутраныя.

Сёння без усялякіх вонкавых санкцый народ нясе непасільны цяжар утрымання рэпрэсіўнага апарата і мілітарызацыі краіны. Санкцыі хаця б у нейкай меры здольныя зменшыць рэсурсы на злачынныя дзеянні рэжыму супраць грамадзян.

Сёння размова ідзе аб беспакаранасці дыктатараў за самыя страшныя злачынствы, звязаныя з забойствамі, выкраданнямі дзяцей, катаваннямі ў турмах.

Унутраныя сродкі барацьбы з гэтай беспакаранасцю ў дыктатарскіх рэжымах амаль вычарпаныя, таму на міжнароднай супольнасці, перш за ўсё на захадзе, ляжыць адказнасць за прыцягненне злачынцаў да адказнасці, у тым ліку і праз санкцыі.

Апошнія навіны