У Літве прызямліўся дрон з беларускімі цыгарэтамі
- 5.12.2023, 16:41
Атрымальнікаў грузу знайшлі па слядах на снезе.
У Шальчынінкайскім раёне Літвы перахапілі самаробны дрон, які даставіў з Беларусі кантрабандныя цыгарэты. Арыштаваны двое мясцовых жыхароў, іх выдалі пакінутыя на снезе сляды, паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на літоўскую памежную службу.
Увечары нядзелі, 3 снежня, літоўскія памежнікі пачулі характэрны гук беспілотніка. Яго ўбачылі каля аднаго з сёлаў – дрон на малой вышыні ўляцеў на тэрыторыю Літвы. Да яго быў прымацаваны груз.
Памежнікі выкарыстоўвалі прыбор для перахопу беспілотнікаў і прымусова пасадзілі квадракоптар ля агароджы паблізу мяжы.
«Агледзеўшы мясцовасць, памежнікі заўважылі пакінутыя на снезе чалавечыя сляды», – расказалі ў памежнай службе.
Па слядах на снезе памежнікі прыйшлі ў сяло і знайшлі там двух мужчынаў – яны хаваліся ў кустах. Высветлілася, што гэта 25-гадовы і 45-гадовы жыхары Шальчынінкайскага раёна. Побач з імі ляжаў скрутак з 750 пачкамі цыгарэтаў з беларускімі акцызамі.
Мужчыны не адмаўлялі, што скрутак належыць ім. Разам з дронам і цыгарэтамі іх даставілі на памежны пункт.
Пачатая адміністрацыйная справа. Затрыманым пагражаюць штрафы ад 5200 да 6000 еўраў.
Сёлета літоўскія памежнікі зафіксавалі блізу 100 спробаў пераправіць кантрабанду з Беларусі ў Літву з дапамогай дронаў. За аналагічны перыяд летась такіх выпадкаў было ў тры разы менш, ды і за ўвесь 2021 – 17. Праўда, такім спосабам перавозяць невялікія партыі цыгарэтаў.