Магутны выбух пад Полацкам: з'явіліся новыя падрабязнасці
- 6.12.2023, 9:20
Шпіталізаваныя ўжо чатыры чалавекі.
Пасля выбуху ў аграгарадку Захарнічы Полацкага раёна шпіталізаваныя чатыры чалавекі.
Двое, у стане сярэдняй цяжкасці і ў цяжкім стане, дастаўлены ў Полацкую цэнтральную гарадскую лякарню. Яшчэ двое дастаўлены ў гарадскую лякарню №1. Яны знаходзяцца пад наглядам лекараў, паведамляе Віцебскі аблвыканкам.
Выбух у двухпавярховым жылым доме адбыўся ўчора а 19:30. Паводле папярэдняй інфармацыі, на другім паверсе ўзарваўся газавы балон. З дома эвакуаваныя 11 жыхароў. Яны знаходзяцца ў сваякоў і сяброў.
Міністэрства аховы здароўя паведамляе аб 13 эвакуаваных і трох шпіталізаваных у ЦРБ. Сярод іх - дзіця 2010 года нараджэння з цукровым дыябетам I тыпу і лейкеміяй. Таксама шпіталізаваныя жанчына 1940 года нараджэння і мужчына 1976 года нараджэння. У іх спалучаныя траўмы. Стан жанчыны - сярэдняй цяжкасці, мужчыны - цяжкі.