Гэта не балон: дагэтуль невядома, што стала прычынай выбуху пад Полацкам
- 6.12.2023, 11:00
Расследаванне працягваецца.
МНС 5 снежня позна ўвечары паведаміла аб выбуху ў аграгарадку Захарнічах Полацкага раёна. Ратавальнікі меркавалі, што гэта ўзарваўся балон. Але спецыялісты «Полацкгазу» зняпраўдзілі гэта.
Паводле «Полацкгазу», цэласнасць балона звадкаванага газу і пліты з дзвюма канфоркамі не парушаная. Краны на пліце і вентыль газавага балона закрытыя.
Расследаванне працягваецца, што стала прычынай выбуху, пакуль невядома.
Учора блізу 19:30 у адной з кватэр двухпавярховага дома ў аграгарадку Захарнічах адбыўся выбух.
Жыхары васьмікватэрнага дома - 13 чалавек - былі эвакуяваныя. Трое дастаўленыя ў Полацкую цэнтральную гарадскую лякарню: двое дарослых і дзіця.
13-гадовы падлетак шпіталізаваны з гіперглікеміяй (стан, калі ў крыві хворага на цукровы дыябет павышаецца ўзровень глюкозы). Жанчына 1940 года нараджэння і мужчына 1976 года нараджэння дастаўлены ў лякарню з траўмамі. У пенсіянеркі стан сярэдняй ступені цяжкасці, у мужчыны - цяжкі.