BE RU EN

У дзяцей расейскага алігарха Абрамовіча выявілі грамадзянства краіны NАТО

  • 6.12.2023, 14:10

Якой?

Дзеці расейскага алігарха Рамана Абрамовіча маюць літоўскія пашпарты. Пра гэта паведаміў цэнтр журналісцкіх расследаванняў Siena.

Іх дакументы былі знойдзеныя падчас расследаванняў Cyprus Confidential. Як піша Siena, дзеці Абрамовіча могуць быць уладальнікамі літоўскіх пашпартоў дагэтуль. Даследчыкі на падставе перапіскі, якая трапіла ў іх рукі, мяркуюць, што дакументы Аркадзя і Ганны Абрамовічаў маглі выкарыстоўвацца для аперацый, якія можна разглядаць як спробу абыходу санкцый.

У 2018 годзе Раман Абрамовіч прылятаў у Літву на тыдзень. Тады СМІ выказвалі меркаванне, што ён развязвае пытанне атрымання грамадзянства краіны.

Дзядуля і бабуля алігарха былі родам з наваколляў літоўскага Таўраге, а гэта, згодна з заканадаўствам, давала падставу для атрымання літоўскага грамадзянства. Тады так і не высветлілася, ці атрымлівалі Абрамовіч і ягоныя сваякі літоўскія пашпарты.

Аднак зараз даследчыкам удалося атрымаць пацвярджэнне, што як мінімум двое дзяцей Абрамовіча маюць або мелі літоўскія пашпарты. Журналісты знайшлі фатаграфію літоўскага пашпарта Аркадзя Абрамовіча, старэйшага сына алігарха, у дакументах, якія ўцяклі з кіпрскай кампаніі Meritservus.

"Сапраўднасць дакумента пацверджаная подпісам лонданскага юрыста", – гаворыцца ў публікацыі Siena.

Даследчыкі апублікавалі фатаграфію пашпарта Аркадзя Абрамовіча. Дакумент быў выдадзены ў 2013 годзе, а тэрмін яго дзеяння заканчваецца 5 снежня 2023 года.

Таксама журналісты апублікавалі здымак дакумента адной з кірскіх юрыдычных асоб, у якой Ганна і Аркадзь Абрамовічы пазначаны ў якасці бенефіцыяраў з літоўскім грамадзянствам. Іншыя Абарамавічы ў спісе бенефіцыяраў маюць пашпарты Вялікабрытаніі.

Дату, калі Ганна Абрамовіч атрымала пашпарт, устанавіць не ўдалося. Аднак журналісты маюць нумар яе літоўскага пашпарта.

Аўтары публікацыі звярнуліся па каментар да Рамана Абрамовіча, але пакуль не атрымалі адказу. У Дэпартаменце міграцыі Літвы не сталі адказваць на пытанні, спаслаўшыся на нормы аб абароне персанальных звестак.

У пачатку гэтага года брытанскае выданне The Guardian паведаміла, што перад пачаткам поўнамаштабнага расейскага ўварвання на Украіну Раман Абрамовіч пераразмеркаваў большую частку свайго багацця паміж дзецьмі.

Апошнія навіны