Памерла беларуская балерына, якой захапляўся італійскі рэжысёр Дзефірэлі
- 6.12.2023, 14:22
Людміле Бржазоўскай было 77 гадоў.
Балерына, народная артыстка Беларусі Людміла Бржазоўская памерла сёння, 6 снежня. Ёй было 77 гадоў. Аб гэтым у сваім тэлеграм-канале паведаміў Нацыянальны тэатр оперы і балета Беларусі.
Людміла Бржазоўская нарадзілася ў 1946 годзе ў Менску ў сям'і мастака Генрыха Бржазоўскага. Скончыла Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча. У 1966—1988 гадах была вядучай салісткай у Тэатры оперы і балета БССР.
Стала першай выканаўцай партый Кармэн, Евы, Неле, Фрыгіі, Машы, Каханай у спектаклях «Кармэн-сюіта», «Стварэнне свету», «Тыль Уленшпігель», «Спартак», «Шчаўкунок», «Карміна Бурана», створаных на беларускай сцэне харэографам Валянцінам Елізар'евым.
«Званне народнай артысткі Беларусі яна атрымала, калі ёй было 29 год. Ёй захапляўся знакаміты італійскі рэжысёр Франка Дзефірэлі. Яна стажыравалася ў Пецярбургу ў вучаніцы Ваганавай - Наталлі Дудзінскай. Яе вельмі часта параўноўвалі з галівудскай зоркай Одры Хепберн», - адзначылі ў тэатры.
З 1997 года і да смерці працавала педагогам-рэпетытарам Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі.