Guardian: Спецслужбы ЗША ўзяліся за расейскіх алігархаў у Еўропе
- 6.12.2023, 16:03
На Кіпр выпраўлены спецыяльны дэсант.
Агентам Федэральнага бюро расследаванняў (ФБР) ЗША было даручанае расследаванне парушэнняў санкцый расейскіх алігархаў на Кіпры. Каманда з 24 спецыялістаў пачне «дапамогу кіпрскай паліцыі» адразу ж пасля прыбыцця на востраў.
Афіцыйны прадстаўнік ураду Яніс Антоніу сказаў, што як толькі будуць развязаныя праблемы з допускам да таемнай інфармацыі, агенты адразу ж пачнуць справу. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле The Guardian.
«Ідэя заключаецца ў тым, каб яны як мага хутчэй пачалі дапамагаць кіпрскім інспектарам. У іх ёсць ноў-хаў», – заявіў дыпламат.
Як адзначаецца, кіпрскія ўлады, верагодна, звернуцца па асаблівую дапамогу ў справе Аляксея Мардашова, гендырэктара «Севергруп», старшыні Рады дырэктараў ПАТ «Сілавыя машыны», чальца Рады дырэктараў Nordgold. У дзень увядзення супраць яго санкцый алігарх спрабаваў перадаць дзель у акцыях турыстычнай кампаніі TU I коштам 1 млрд фунтаў.
Пагадненне было раскрытае ў выніку найбуйнейшай за ўсю гісторыю выцечкі фінансавых звестак на Кіпры з 3,6 млн файлаў з архіваў ключавых пастаўшчыкоў афшорных паслуг на востраве. Было вызначана, што бухгалтарская фірма PwC Cyprus, сярод кліентаў якой быў Мардашоў, дапамагала магнату ў перамяшчэнні актываў у дзень, калі ён быў уключаны ў спіс санкцый ЕЗ.